Шчур пасяліўся ў другарадным гатэлі непадалёк ад станцыі. Аднеслі туды ўсе свае рэчы. Я спыніўся ў гатэлі на вуліцы Вялікай. А Грабар велічным рухам рукі кіўнуў на фурмана:
— Вязі ў гатэль!
— Які?
— Першая катэгорыя!
— Ёсць Брыстоль, Кунецкі, Палас…
— Вязі да лепшага!
* * *
Напачатку вялікі горад зрабіў на мяне незвычайнае ўражанне. Проста ашаламіў. Мяне раздражняў вулічны рух. Аглушаў галас… Мінуўшыя два гады жыцця на воўчай назе не прайшлі марна. Мноства нявыспаных начэй, заўсёднае ўзіранне вачыма ў цемру, сталае знаходжанне пад кулямі, неабходнасць паводзіць сябе асцярожна стварылі з мяне іншага чалавека. Я змяніўся нават фізічна.
Даўно не бачыў сябе ў вялікім люстэрку. Калі зараз я, апрануты з ног да галавы ва ўсё новае, паглядзеў у люстэрка, то здзівіўся: убачыў незнаёмага чалавека! Асабліва ўразіў мяне твар і вочы… халодныя, а ў іх затаіліся незвычайныя глыбіні, якіх не было раней… З таго часу не люблю ўзірацца ў вочы людзям і стараюся, каб мой погляд быў спакойны, лагодны… Доўга прыглядаўся да сваіх вачэй, стараючыся зразумець: што гэта? Але не мог таго ўцяміць!.. Там было штосьці ад змрокаў ночы, ад бляску сталі, ад яскравых агеньчыкаў карабінавых стрэлаў, ад сталага чакання ўдару і жадання апярэдзіць гэты напад… Адбілася ў іх таўро ночы і граніцы…
Мяне здзіўляюць людзі. Яны без патрэбы нярвовыя. Робяць столькі лішніх непатрэбных рухаў. Яны вельмі заклапочаныя і няўважлівыя. З любой нагоды пачынаюць хвалявацца, сварыцца, крычаць. Усе вельмі сквапныя і вельмі палахлівыя. Увесь час, скрозь стараюцца ашукаць мяне… на капейкі. Дазваляю аблічваць і ў думках пацяшаюся з гэтага.
Баўлюся днём і ноччу. Ледзьве стае часу, каб выспацца. Гуляю. Гэта значыць: ем і п’ю па розных рэстарацыях, хаджу ў кіно і тэатры, купляю прадажных жанчын. Танны гэты тавар, ды і пасрэднікаў цьма! Прапаноўваюць пазнаёміцца з рознымі какеткамі, дзяўчатамі, дзяўчынкамі, амаль што не дзецьмі. Да жанчын тут адносяцца як да жывёлы. Па грашоваму курсу, за гадзіну… Прапаноўвалі мне такія паслугі, ад якіх з агідай не раз адварочваўся. Каля мяне круцяцца розныя фарцоўшчыкі. Яны пачулі грошы. Зараз я пазнаю горад зусім з іншага, невядомага мне раней боку. I бачу, што тут жывуць страшна… горш, чым на паграніччы!.. Што тут увесь час, на кожным кроку ідзе бесперапынная, бязлітасная бойка, у якой бяда слабейшаму, ці менш здольнаму.
Учора ноччу каля першай гадзіны вяртаўся ў гатэль. Разам са Шчурам і Грабарам забаўляліся ў адным з дарагіх падпольных прытонаў. Мне ўсё гэта абрыдла: п’яныя, драпежныя, бессаромныя жанчыны, душныя пакоі і пах алкаголю. На хвіліну выйшаў на дзядзінец. Ноч была чароўная. Зоркі блішчэлі так прыгожа, як і там… на паграніччы. Вялікая Мядзведзіца раскінулася на чорным фоне небасхілу. Усё такое ж дасканалае, як быццам там… He хапала толькі лясных шолахаў, і вакол мяне не палі, не дрэвы, а змрочныя, панурыя, халодныя камяніцы, у якіх таксама жывуць змрочныя, цяжкія, халодныя людзі…