Светлый фон

— Маеш рацыю!

Шчур кіўнуў мне галавой і весела бліснуў вачыма. А крыху пазней сказаў:

— Ведаеш, што прыдумаў?

Я з запытаннем паглядзеў яму ў вочы.

— Пойдзем заўтра ўтрох на заручыны Фэлі… Што?.. He чакаюць такіх гасцей. Уся смятанка будзе. А тут мы ўвальваемся і складаем павіншаванні і зычэнні вясёлага свята паненцы і халую!.. Што вы на гэта?

— Давай! — весела сказаў Грабар. — Першая катэгорыя!

— Давай! — крыкнуў і я.

Мяне ахапіла злосць. Быў здольны на любую, самую жахлівую авантуру. Пасля, калі сябры паснулі, я доўга ляжаў з расплюшчанымі вачыма.

Назаўтра позна ўвечары мы накіраваліся ў мястэчка. Да хаты Вэблінаў быў зручны подступ з усіх бакоў. Пералезлі праз некалькі парканаў і апынуліся ў агародзе. Адсюль можна было выгадна назіраць за ўсім рухам у памяшканні і на падворку.

Пачаў крапаць дождж, і дзядзінец апусцеў. Праз адчыненыя, ярка асветленыя вокны хаты даляталі гукі грамафона. Я падкраўся пад вакно і заглянуў усярэдзіну. Убачыў больш дзесятка людзей, якія сядзелі за сталом, застаўленым вячэрай. Фэля сядзела каля Альфрэда, які штосьці казаў ёй, салодка пазіраючы дзяўчыне ў вочы. Увесь час пасміхаўся, мацаў пальцамі вусікі, але твар дзяўчыны быў спакойны і суровы.

Акрамя іх у хаце ўбачыў усіх братоў Алінчукоў, Караля і Зыгмунта Фабіньскіх, Аліганта, Салаўя, які трымаў на каленях гітару. Акрамя таго, прысутнічала некалькі незнаёмых старэйшых і маладзейшых за мяне мужчын — напэўна, сваякоў Алінчукоў і Фэлі. З дзяўчат былі: Бэлька, якая прымірылася з Альфрэдам, Андзя Салдат, кузынка Фэлі, Зося, і яшчэ пару жанчын, знаёмых мне толькі з выгляду.

На стале стаяла шмат пустых пляшак. Таварыства ўжо было ўлюляна, але захоўвалася паважна. Да мяне падышлі Шчур і Грабар. Пачалі разам са мной глядзець у вакно. Грамафон замоўк. Заўважыў, што Лютка Зубік кажа штосьці Салаўю. Напэўна, просіць яго, каб зайграў альбо заспяваў. Да яе далучыліся іншыя дзяўчаты. Прыкмеціў, што Салавей пачырванеў. Уладкаваўся зручней у крэсле, узяў некалькі акордаў на гітары і пачаў спяваць. Але спяваў не нашу перамытніцкую песню, якую складала граніца, а іншую… смутную, жаласлівую:

He магу адарвацца ад вакна. Песня ўзрушае мяне. Завалодвае ўсёй маёй істотай. Убіраю яе душой, сэрцам, нервамі… Тады Шчур кладзе мне на плячо руку.

— Пайшлі!

Іду разам з імі ў сенцы. Песня скончылася. У пакоі з хвіліну пануе цішыня. У гэты момант Шчур шырока адчыняе дзверы і ўваходзіць у хату. Крочым за ім. Усе глядзяць на нас здзіўленымі вачыма. Заўважаю рух сярод Алінчукоў. Альфрэд засунуў руку ў кішэню. У тую ж хвіліну Шчур бліснуў двума парабелумамі, накіроўваючы іх на прысутных у памяшканні людзей. Мы таксама вынулі зброю. Шчур вымавіў, звяртаючыся да ўсіх: