Светлый фон

— Грабар! Грабар!

Ніхто не адгукнуўся. Шчур, падышоўшы да трупа, падняў з зямлі наган, які ляжаў непадалёку. Агледзеў рэвальвер і вымавіў:

— Грабар павінен быць недзе непадалёку. Можа, паранены, бо забраў бы ў яго машыну.

Мы пачалі абшукваць ускраіну лесу. У адным месцы я заўважыў боты, якія тырчэлі з-за куста. Гукнуў Шчура:

— Хадзі сюды!.. Ёсць!..

Сябра прыбег да мяне. Выцягнулі з-пад куста цела, якое астывала. Шчур перавярнуў яго на спіну. Грабар быў мёртвы. Шчур доўга глядзеў на труп сябра, потым сказаў:

— Поўз да нас і сканаў.

На грудзях Грабара былі дзве кулявыя раны. Няцяжка было зразумець, што тут адбылося. Грабар выйшаў на ўскрай лесу, і, заўважыўшы селяніна, які крочыў па лузе, і не падазраючы, што гэта падпольнік, наблізіўся да яго. Калі спаткаліся, Макараў, напэўна, выхапіў з кішэні рэвальвер і загадаў Грабару, у якім адразу пазнаў перамытніка, падняць угору рукі. Тады Грабар хватануўся за зброю. Макараў стрэліў яму двойчы ў грудзі і пачаў уцякаць. А Грабар рэшткамі сіл стрэліў у яго некалькі разоў з парабелума, трапляючы ў бядро, плячо і галаву. Апошняя куля была смяротная. Пасля гэтага Грабар пачаў паўзці ў напрамку нашай мяліны. Дабраўся да куны кустоў і тут памёр ад страты крыві.

— Ну, так, так, так!.. Клёва! — казаў Шчур, гледзячы на труп сябра.

Я зірнуў на яго са здзіўленнем і сказаў:

— Занясём яго на мяліну.

Узяў цела пад пахі, а Шчур ухапіўся за ногі. Павольна панеслі яго ў напрамку нашай мяліны. Нарэшце дабраліся да схованкі. Паклалі труп на зрэзаныя яловыя лапкі.

Шчур пачаў выграбаць з ямы, у якой гарэла полымя, галавешкі, вугаль, попел і зямлю. Ён рабіў гэта спяшаючыся, нібы ў гарачцы.

— Што гэта будзе? — запытаўся ў яго.

Калега падняў заліты потам і накрыты попелам твар, на якім па-дзікаму блішчэлі вочы.

— Магіла для яго… Як жа інакш?.. Пакінь жа — будуць цягаць, рэзаць. Досыць гэтага меў за жыццё. Няхай хоць зараз атрымае супакой! Труна будзе як халера!

Мне падалося, што Шчур засмяяўся, але гэтага не магло быць. Хіба заенчыў… Ён капаў далей. Выкідваў наверх груды зямлі. Хутка працаваў рукамі і калом, загостраным з аднаго боку на полымі. Нарэшце выкапаў глыбокую, на 1,5 м, яму. Тады вылез адтуль, абцёр рукавом кашулі з твару пот і сказаў:

— Агледзь яго. Забяры грошы і зброю. Грошы адашлеш яго матцы ў Рубяжэвічы. Дам табе адрас… Я зараз вярнуся.

Шчур пайшоў у лес, а я павымаў з кішэняў Грабара ўсе рэчы. Там былі: два рэвальверы (наган і парабелум), дзевяць запасных абоймаў для парабелума, шмат набояў, 4 гранаты, ліхтарык, партманет з грашыма і шмат рознай дробязі. Паклаў усё гэта на вялікай хустцы.