Светлый фон

Выпілі адным духам гарэлку.

— А зараз, хлапцы, шклянкі аб падлогу: каб ніхто не выпіў імі за здароўе Фэліцыі Алінчуковай, жонкі Альфрэда!

Твары прысутных у хаце людзей выяўлялі шмат розных пачуццяў. Адны стрымліваліся, каб не выбухнуць смехам, другія затойвалі ў сабе бяссільную злосць. Некаторыя былі перапалоханыя, хоць з нашых паводзін бачылі, што мы не маем намеру зрабіць прысутным нічога кепскага. На тварах Салаўя і Аліганта я прыкмеціў сімпатыю нам. А Шчур падышоў да Салаўя, узяў у яго з рук гітару і сказаў:

— He раз спяваў Сашку. Заспяваю апошні раз яго сястры!

Крануў струны гітары і пачаў спяваць. Песня была вельмі фрывольная і смешная. У ёй з гумарам апявалася нядоля і рызыка прафесіі перамытніка. Заўважыў на некаторых тварах, асабліва ў дзяўчат, вясёлыя ўсмешкі. Шчур закончыў песню і сказаў:

— А зараз, мая дарагая Фэля…

— He твая і не дарагая! — гаркнуў Альфрэд праз стол.

Шчур прыплюшчыў вочы і вымавіў:

— Што не мая, дык твая рацыя, але што дарагая, дык мая рацыя, бо мае пасаг, на які ты ласы больш, чым на Фэлю! — паказваючы пальцам на Альфрэда, жартаўліва сказаў Шчур.

Фэля падскочыла з месца.

— Ці панове доўга мяркуюць заставацца тут? — сказала высокім непрыемным голасам. — Калі так, я адсюль пайду!

— He, — адказаў Шчур, — зараз ідзем… А на заканчэнне хачу падарыць панне Фэліцыі шлюбны прэзент, бо не спадзяюся, каб нас запрасіла на вяселле… I не прыйшлі б, — па хвіліне маўчання сказаў ён далей. — Дык вось, золата пані не трэба — бо Сашка досыць зарабіў яго для… Альфрэда, таму золата не дам. Дам пані іншы падарунак, які і Сашка з ахвотай прыняў бы.

Шчур перахіліўся праз стол і паклаў на абрус перад Фэляй гранату. Грабар зрабіў тое ж. Тады я вымавіў:

— А я падарую пані нешта іншае: напамін, які мне некалі паслаў Альфрэд. Я не пабег з ім у паліцыю, толькі паказаў Сашку, а зараз даю пані.

Паклаў каля гранат кулю ад браўнінга, якую, пасля нападу на мяне восенню 1922 года, выняў са сцяны хаты Трафідаў.

Усе маўчалі. Фэля здзіўленымі вачыма паглядала на гранаты і кулю, якія ляжалі перад ёй. Некаторыя госці разам з крэсламі адсоўваліся ад стала. А Шчур сказаў:

— Ну, хлопцы, гайда ў дарогу! Няхай яны тут смуродзяць і дзяцей плодзяць, а нас чакае чорная ноч, чорная сцежка, зялёны лес і зялёная граніца!

Мы выйшлі з памяшкання. Затрымаўшыся ў сенцах, пачуў голас Альфрэда:

— Трэба ў паліцыю!.. Што гэта такое?!. Гэта ж гранда!.. Ёсць сведкі!..

У наступную хвіліну разнёсся спакойны, нізкі, з металічнымі ноткамі голас Фэлі: