Светлый фон

Пачаліся месячныя ночы. Калі неба ачышчалася ад хмараў, было зручней рыхтаваць засады. Аднаго разу, як звыкла, зрабілі засаду ў двух пунктах: я на сцежцы, якая вяла праз сярэдзіну леса, а Шчур на яго левым крыле. Прыкідвалі, што Станогі будзе вяртацца па адной з тых дарог.

Была другая гадзіна ночы. Месцы нашых засад знаходзіліся ў значнай адлегласці ад мяжы. Баючыся каб не прагледзіць жыда, які вяртаецца з-за граніцы, я ўважліва ўзіраўся ў прастору перад сабой. Калі здавалася, што ўхапіў нейкія зрухі на мясцовасці, падымаўся і пільна аглядаў наваколле. Пераконваўся ў зрокавым падмане і зноў сядаў на спілаваны хваёвы пень.

У нейкую хвіліну пачуў злева лямант. Пабег туды ўскрайкам лесу. Наблізіўся да месца засады Шчура. Убачыў, што абшуквае нейкага селяніна, які галасліва прасіўся, каб Шчур яго адпусціў; даваў 10 рублёў золатам. Селянін нёс у мяшку звыш дзесяці кілаграмаў авечай воўны і казаў, што ідзе да сваякоў, якія жывуць паблізу Волмы.

Нечакана мне прыйшла ў галаву адна думка. Калі Шчур адпусціў селяніна, я сказаў калегу, што як на мой розум, дык Бэрка Станогі ніколі не вяртаецца з Саветаў адзін, а заўсёды ідзе разам з селянінам і бабай, якія ідуць першымі на адлегласці ў некалькі дзесяткаў крокаў ад сябе, а за імі зводдаль прастуе Бэрка. Прыгадаў яму бабу, якую затрымалі непадалёку ад свірна Карабіновіча. Шчур, нічога не кажучы, пабег дарогай, якой папярэдне прайшоў селянін. Праз квадру гадзіны вярнуўся і прамовіў:

— Маеш рацыю: ззаду ішла баба, а далей нехта ў ботах; аб’ягорылі нас.

Ён усеўся на камель зваленай ветрам бярозы і доўга сядзеў нерухома. Я закурыў папяросу, падаў яму. Выкурыў усю, ні словам не адгукваючыся да мяне.

— Можа, пойдзем, — запытаў яго.

Падняў галаву. Пры святле месяца ўбачыў яго бледны худы твар і бліскучыя, крыху прыплюшчаныя вочы.

— Кажаш: пойдзем?

— Так. Няма чаго тут сядзець!

— He… He пойдзем… Я адзін пайду… Ты не пойдзеш…

— Куды? — запытаўся я здзіўлена.

— На поўдзень пайду. Туды, куды птушкі паляцелі… Там у мяне свае… Ведаю Кіеў, Харкаў, Растоў, Адэсу, Тыфліс… Пайду… Што я тут? Няма нікога… У мяне брат жыве ў Растове… Брат, матка і сястра… Маці старая, брат старэйшы за мяне, а сястры — чатырнаццаць… Можа, ім блага?.. Пагляджу… Няхай гэта ўсё халера забярэ!..

Падняўся і пакрочыў у напрамку тракта. Рэвальвер трымаў у руцэ. Забыўся яго схаваць. Я ішоў за ім. Ведаў, што трапіла яму ў галаву цяпер нейкая новая думка, і я не выб’ю яе з ягонай галавы.

На наступны вечар мы перайшлі граніцу ў Альшанцы. Засекі калючага дроту я перарэзаў нажніцамі, якія ўвесь час нашу пры сабе. Мы пайшлі лесам да другой паласы. Крочылі па добра вядомых нам дарогах, якімі перанесена з усходу на захад і наадварот міліёны ў таварах і грашах. Мы ведалі тут кожную сцежку і кожную дарогу, кожную паляну, кожны лог, кожны ручай, амаль ці не кожнае дрэва і куст. Наведалі шмат памятных для нас мясцін. Нічога не казалі. Крочылі без шолаху пры святле месяцовых промняў і ў змроку, які ляжаў у нетрах лесу. Трымалі ў руках рэвальверы.