Светлый фон

Шчур распакаваў усе ношкі і паскідаў тавар у адну кучу. Пасля пачаў развешваць на елках яркія шалікі, панчохі, свэтры, шаўкі, рукавічкі, лакіраваныя наскі. Такім чынам ён упрыгожыў некалькі елачак. Я прыглядаўся за работай сябра і не перашкаджаў яму. А ён адышоў больш чым на дзесяць крокаў ад дрэў і, нешта напяваючы пад нос, аглядаў сваю працу. Пацёр далоні і сказаў мне:

— Ну, як… муравана?

— Так сабе… Пойдзе…

Шчур узяў рэшту тавару і ўкінуў у ручай паблізу ад нас. Калі потым мы былі на мяліне, Шчур вымавіў:

— Ведаеш, што зрабіў адзін селянін з-пад Курдуноў?

— Ну?

— Быў жміндай. Усё жыццё збіраў грошы. А калі па старасці захварэў і лёг воблагам, дык трымаў іх у скураным мяшэчку пад падушкай, бо баяўся, каб хто-небудзь са сваякоў не забраў. А незадоўга перад смерцю пачаў глытаць залатыя манеты. Глытаў адну за другой — нібы цукерачкі. Пасля пачаў задыхацца ад золата. Прыбеглі сыны, дочкі і жонка. Хацелі яму перашкодзіць. Той пачаў іх дзерці, кусаць і праклінаць. Пры тым і памёр.

Я не цяміў, навошта і ў сувязі з чым ён мне гэта апавядае. А ён час ад часу, найчасцей у вельмі неадпаведны момант, казаў мне: «А ведаеш, што адбылося ў Гярвелях, ва Ушы, у Дубраве?», або: «Ведаеш, што зрабіў той альбо той?». I апавядаў мне дзіўныя гісторыі.

Я зразумеў, што ў галаве Шчура перакулілася мэбля. Толькі не мог здагадацца, на чым трымаецца яго вар’яцтва. He адыходзіў ад яго ні на крок. Жылі пераважна пад голым небам. Працягвалі далей ганяцца за сланамі, але не раз мы пакідалі тавар у лясах, дзе ён нішчыўся і марнаваўся. Некалькі разоў вечарамі заходзілі ў мястэчка. Куплялі там правіянт і папяросы. Шчур наведваў сваіх інфарматараў і даведваўся ад іх, хто яшчэ ходзіць за граніцу. Наша работа зменшылася, бо паўстанцы амаль зусім закінулі перамытніцтва. Некаторыя нават баяліся хадзіць вуліцамі мястэчка па адным. Мы трымалі ўсіх у страху.

Шчур даведаўся ў мястэчку, што пэўная група паўстанцаў ходзіць за граніцу не прама з мястэчка Ракава, але з Волмы. У той бок нясуць вельмі каштоўны тавар, а на нашым адрэзку вяртаюцца без яго. У той жа час іх праваднік Бэрка Станогі пасля перакідкі двух-трох груп вяртаўся з-за мяжы адзін і з выплачанымі яму за тавар грашыма. У залежнасці і вартасці перанесенага праз граніцу тавара, насіў вялікія сумы ад 5 да 10 тысяч даляраў. Нам падказалі прыкладны адрэзак, якім з Саветаў вяртаўся Бэрка Станогі. Ён знаходзіўся непадалёку ад Тэклі Поля.

Па нейкім часе мы ўдакладнілі, што Бэрка Станогі пасля пераходу граніцы ідзе шасцю дарогамі. Праходзіць каля дубравы дзедзіча Навіцкага, ярам непадалёку стадолы ўпраўляючага таго маёнтка Карабіновіча; каля карчмы па дарозе з Волмы да Ракава, і, нарэшце, лесам, паблізу ад карчмы. Там ішоў трыма дарогамі: лугам, каля вёскі, левым ускрайкам лесу і сцежкай, якая перасякала лес на другі бок. Прымаючы пад увагу шэраг розных акалічнасцяў, рабілі засады на адной з тых дарог. Усё безвынікова. А пасля ў мястэчку Шчур даведваўся, што Бэрка Станогі зноў вярнуўся прамежкам, які мы пільнавалі. Шчур шалеў.