– Пан старшы пісар, – далажыў яму Швейк, – зараз жа ідзіце на склад, там вас чакае ўзводны Фукс з дзесяццю салдатамі, і атрымайце кансервы. Ды хутчэй, як корак з бутэлькі! Пан обер-лейтэнант тэлефанаваў ужо два разы.
Ванак разрагатаўся:
– Даражэнькі мой, ці ж я дурань? Сам бы сябе потым лаяў. Часу, анёлак мой, на ўсё хопіць. Не гарыць! Калі пан обер-лейтэнант адправіць столькі маршавых рот, як я, тады будзе аб чым і пагаварыць. Я ўжо атрымаў у палкавой канцылярыі загад, што заўтра паедзем, трэба ўкладвацца і атрымліваць на дарогу правіянт. I ты думаеш, што я першым чынам зрабіў? Я зайшоў сюды на чвэртку віна, сядзіцца мне тут спакойна, і хай яно ўсё там ідзе сваім парадкам. Кансервы застануцца кансервамі, выдача – выдачай. Я ведаю склад лепей, чым пан обер-лейтэнант, і мне вядома, пра што гаворыцца на нарадах паноў афіцэраў у пава палкоўніка. Пану палкоўніку толькі мірсціцца, што на складзе ёсць кансервы. Склад нашага палка ніколі ніякіх запасаў кансерваў не рабіў, калі-нікалі мы даставалі ix у брыгадзе або пазычалі ў іншых палках, з якімі былі ў кантакце. Аднаму толькі Венешаўскаму палку мы вінаваты шэсцьсот банак кансерваў. Хе-хе! Хай яны на сваіх нарадах гавораць усё, што хочуць, не варта ўсчынаць гвалт. Усё роўна, калі нашы туды прыйдуць, каптэнармус ім скажа сам, што яны з глузду з’ехалі. Ніводная маршавая рота не атрымала на дарогу кансерваў. Так ці не, ты, старая бульбіна? – звярнуўся ён да штабнога пісара.
Той, відаць, засынаў альбо яго хапіла белая гарачка, толькі ён адказаў:
– Яна ішла, трымаючы над сабой расчынены парасон. – Самае лепшае, што вы можаце зрабіць, – працягваў старшы пісар Ванак, – на ўсё гэта махнуць рукой. Калі сёння ў палкавой канцылярыі сказалі, што заўтра едзем, то гэтаму не паверыць і малое дзіця. Ці можам мы выехаць без вагонаў? Пры мне яшчэ званілі на вакзал. Там няма ніводнага вольнага вагона. Гэтак жа было і з апошняй маршавай ротай. Мы тады сядзелі на вакзале два дні і чакалі, пакуль хто-небудзь над намі зжаліцца і пашле па нас поезд. А потым мы не ведалі, куды паедзем. Нават палкоўнік гэтага не ведаў. Мы праехалі ўжо ўсю Венгрыю, а яшчэ ніхто не ведаў, ці паедзем мы ў Сербію, ці ў Расію. На кожнай станцыі гаварылі па прамым провадзе са штабам дывізіі. Мы былі проста нейкай латкай, і прышылі нас, нарэшце, дзесьці каля Дуклы. Там нас ушчэнт разграмілі, і мы зноў паехалі фарміравацца. Толькі без паспеху! З цягам часу ўсё высветліцца, а пакуль не варта спяшацца. Jawohl, nochamol! Віно тут надзвычай добрае, – працягваў Ванак. – Добра зробіце, калі сядзеце разам…