Светлый фон

I цяпер, калі справа дайшла да раздачы гуляшу, разнеслася каманда: «Па вагонах!», і эшалон павезлі далей, у Мішкальц*. Але і ў Мішкальцы гуляшу не выдавалі, бо на суседнім пуці стаяў поезд з рускімі палоннымі, а таму салдат з вагонаў не выпускалі. Затое ў іх засталося шырокае поле для фантазіі аб тым, што гуляш раздадуць у Галіцыі, калі яны павылазяць з поезда. Тады гуляш прызнаюць сапсаваным, непрыдатным для спажывання і выкінуць.

Гуляш павезлі далей, і, калі салдаты ўжо зусім не чакалі, што яго будуць раздаваць, поезд спыніўся ў Новым Месце пад Шатарам*, дзе пад катламі зноў расклалі агонь, гуляш разагрэлі і нарэшце раздалі.

Станцыя была перагружана. Спачатку павінны былі адправіць два паязды з боепрыпасамі, за імі – два эшалоны артылерыі і поезд з пантоннымі атрадамі. Можна было сказаць, што тут сабраліся паязды з самымі разнастайнымі часцямі ўсіх родаў войск.

За вакзалам ганведы-гусары злавілі двух польскіх яўрэяў, адабралі ў іх кошык з гарэлкай і, замест платы, будучы ўжо добра пад чаркай, білі іх па мордзе. На гэта яны, відаць, мелі дазвол, бо побач стаяў іх ротмістр і, гледзячы на ўсю сцэну, з прыемнасцю ўсміхаўся. Тым часам за складам іншыя ганведы-гусары залазілі пад спадніцы чарнавокіх дачок пабітых яўрэяў.

На станцыі стаяў і поезд, у якім на фронт везлі аэрапланы. На другіх пуцях стаялі такія ж гарматы і аэрапланы, але ўжо разбітыя ў баях; тут былі збітыя самалёты і раструшчаныя гаўбіцы – усё новае, свежае ехала туды, на фронт, а рэшткі былой славы скіроўваліся ў тыл для рамонту і рэканструкцыі.

Паручнік Дуб пераконваў салдат, якія сабраліся каля разбітых гармат і самалётаў, што гэта ваенныя трафеі. Але раптам ён заўважыў, што непадалёк ад яго, у іншай групе, стаіць Швейк і нешта распавядае. Наблізіўшыся да гэтага месца, паручнік пачуў разважлівы голас Швейка:

– Як бы там ні было, але гэта ваенныя трафеі. Яно, праўда, надта падазрона, асабліва калі на лафеце чытаеш «k. u. к. Artilleriedivision». Але, відаць, было так: гармата трапіла да рускіх, і нам давялося яе адбіваць, а такія трафеі значна больш каштоўныя, таму што… Таму што, – захоплена ўсклікнуў ён, заўважыўшы паручніка Дуба, – нічога нельга пакідаць у руках непрыяцеля. Гэта ўсё роўна як з Перамышлем* або з тым салдатам, у якога ў час бою праціўнік вырваў з рук біклажку. Гэта было яшчэ ў часы напалеонаўскіх войнаў. Дык салдат уначы прабраўся ў варожы лагер і прынёс сваю біклажку назад, ды яшчэ зарабіў на гэтым, бо ўначы ў непрыяцеля выдавалі гарэлку.

Паручнік Дуб толькі прашыпеў:

– Знікніце з вачэй, Швейк! Каб я вас тут болей не бачыў!