Светлый фон

Фельдфебель перастаў курыць, вылупіў на Швейка вочы і толькі прамармытаў:

– Шапку далоў!

– Вам нядобра? – пацікавіўся Швейк. – Пан фельдфебель, калі хочаце, я магу і іншыя прыёмы… «Стральба залпамі! На прыцэл!» Пану капітану не варта было пасылаць вас на сонца! Трэба збегаць па насілкі.

Прыйшоў доктар і канстатаваў, што гэта альбо сонечны ўдар, альбо вострае запаленне мазгавых абалонак.

Калі фельдфебель апамятаўся, каля яго стаяў Швейк і гаварыў:

– Дык я яшчэ не дакончыў., Вы думаеце, пан фельдфебель, той машыніст запомніў? Ён усё паблытаў і памножыў на тры, бо прыгадаў святую тройцу. Паравоза ён не знайшоў, ён так там і стаіць, на шаснаццатым пуці.

Фельдфебель зноў заплюшчыў вочы.

Вярнуўшыся ў свой вагон, Швейк на пытанне, дзе ён так доўга быў, адказаў: «Хто іншага вучыць «бягом марш!», той сам бярэ ў сто разоў болей «на плячо!»

У заднім кутку вагона калаціўся Балоўн – ён, калі частка курыцы зварылася, сажраў палову порцыі Швейка.

Незадоўга да адыходу поезда прыбыў змешаны вайсковы эшалон. Гэта былі салдаты, якія выйшлі са шпіталяў або спазніліся і даганялі свае часці, а таксама ўсялякія падазроныя індывіды, якія вярталіся з камандзіровак або з-пад арышту.

З гэтага эшалона сышоў вальнапісаны Марак, які быў асуджаны за бунт, – ён некалі не захацеў чысціць прыбіральні. Аднак дывізіённы суд яго вызваліў. Следства па яго справе было спынена, і таму вальнапісаны Марак аб’явіўся ў штабным вагоне, каб далажыцца батальённаму камандзіру. Вальнапісаны да гэтага часу не належаў ні да адной часці, яго ўвесь час пераводзілі з адной турмы ў другую.

Калі капітан Сагнер убачыў вальнапісанага і прыняў ад яго паперы з сакрэтнай адзнакай «Палітычна ненадзейны! Асцерагацца!», вялікай радасці не адчуў. На шчасце, ён успомніў пра «генерала прыбіральняў», які так забаўна раіў папоўніць батальён гістарыёграфам.

– Вы надта нядбайны, вальнапісаны, – сказаў капітан. – У вучэбнай камандзе вальнапісаных вы былі для нас божым пакараннем; замест таго, каб старацца вызначыцца і атрымаць чын адпаведна вашай адукацыі, вы вандравалі з турмы ў турму. Вы ганьбіце полк, вальнапісаны! Але вы можаце выправіць сваю вялікую хібу, калі ў далейшым будзеце сумленна выконваць свае абавязкі і зноў станеце ў шэрагі прыкладных салдат. Прысвяціце свае сілы батальёну! Мы выпрабуем вас! Вы інтэлігентны малады чалавек, безумоўна, валодаеце пяром, у вас, напэўна, добры стыль. Я вам сеё-тое скажу. Кожнаму батальёну на фронце патрэбен чалавек, які вёў бы хроніку ваенных падзей, якія непасрэдна датычаць батальёна і яго ўдзелу ў ваенных дзеяннях. Неабходна апісваць усе пераможныя паходы, усе выдатныя падзеі, у якіх прымаў удзел батальён, пры якіх ён адыгрываў вядучую або значную ролю, – усё гэта апісваць, рыхтуючы тым самым матэрыял для гісторыі арміі. Вы разумееце мяне?