Светлый фон

– Так точна, пан капітан. Гаворка ідзе пра баявыя эпізоды з жыцця ўсіх часцей. Батальён мае сваю гісторыю, полк на падставе гісторыі сваіх батальёнаў складае гісторыю палка. На падставе гісторыі палкоў складаецца гісторыя брыгады, на падставе гісторыі брыгад складаецца гісторыя дывізій і г. д… Я буду старацца з усіх сіл, пан капітан.

Вальнапісаны Марак прыклаў руку да сэрца.

– Я буду са шчырай любасцю адзначаць усе слаўныя даты нашага батальёна, асабліва цяпер, калі наступленне ў поўным разгары і калі з дня на дзень трэба чакаць баёў, у якіх наш батальён укрые поле бітвы целамі сваіх гераічных сыноў. З усведамленнем важнасці справы я буду адзначаць хаду ўсіх падзей, якія павінны адбыцца, каб старонкі гісторыі нашага батальёна былі напоўнены лаўрамі перамог.

– Вы, вальнапісаны, будзеце знаходзіцца ў штабе батальёна. Будзеце зазначаць, хто прадстаўлены да ўзнагароды, зазначаць – вядома, паводле нашых указанняў – паходы, у якіх былі праяўлены выключная баяздольнасць і жалезная дысцыпліна батальёна. Гэта не так проста, вальнапісаны, але спадзяюся, што ў вас ёсць дастатковы талент назіральнасці і, атрымаўшы ад мяне пэўныя дырэктывы, вы вылучыце наш батальён сярод іншых часцей. Я пасылаю ў полк тэлеграму аб прызначэнні вас гістарыёграфам батальёна. З’явіцеся да старшага пісара другой роты Ванака і скажыце яму, каб ён змясціў вас у сваім вагоне. Там найбольш месца, а Ванаку скажыце, каб прыйшоў да мяне. Усё. Вы будзеце залічаны ў штаб батальёна. Гэта будзе праведзена загадам.

Размова капітана Сагнера са старшым пісарам Ванакам не зацягнулася. Ён толькі звярнуў увагу на тое, што батальённы гістарыёграф, вальнапісаны Марак, будзе часова знаходзіцца ў адным вагоне са Швейкам.

– Магу вам сказаць адно: Марак, як бы гэта сказаць, чалавек падазроны. Politisch verdächtig. Божа мой! цяпер у гэтым няма нічога дзіўнага! Пра каго толькі гэта не гавораць! Але ж гэта адны здагадкі. Вы мяне разумееце? Я папярэджваю вас толькі аб тым, што калі ён пачне гаварыць нешта такое… то вы разумееце, яго трэба спыніць, каб я не меў потым якіх-небудзь непрыемнасцей. Скажыце яму проста ў вочы, каб ён перастаў мянціць языком, вось і ўсё. Гэта не значыць, што вы адразу павінны бегчы да мяне. Пагаварыце з ім па-сяброўску. Такі дагавор заўсёды лепшы чым нейкія дурныя даносы. Карацей кажучы, я нічога не хачу слухаць, таму што… Разумееце! Такія рэчы кідаюць цень на ўвесь батальён.

Вярнуўшыся ў вагон, Ванак адвёў вальнапісанага Марака ўбок і сказаў яму:

– Паслухайце, чалавеча, вы пад падазрэннем! Зрэшты, нам гэта не пашкодзіць. Толькі не гаварыце лішняга пры тэлеграфісце Хадоўнскім.