Светлый фон

Батальённы ардынарац атрымаў загад паклікаць фельдфебеля з дванаццатай роты Насакла, вядомага тырана, і хуценька знайсці для Швейка вінтоўку.

– Вось гэты салдат, – сказаў капітан Сагнер фельдфебелю Насакла, – не хоча траціць дарэмна дарагі час. Вазьміце яго з сабой за вагон і пазаймайцеся з ім гадзінку ружэйнымі прыёмамі. Але без якіх-небудзь скідак, без літасці і адпачынку… Вось убачыце, Швейк, сумаваць не будзеце, – паабяцаў ён яму на адыход. I праз хвіліну за вагонам ужо чулася рэзкая каманда, якая ўрачыста разносілася па пероне.

Калі на момант каманды сціхлі, пачуўся задаволены і разважлівы голас Швейка:

– Усё гэта я вывучыў шмат гадоў назад, калі праходзіў абавязковую службу. Па камандзе «Да нагі!» вінтоўка стаіць каля правай нагі так, што канец прыклада знаходзіцца на роўнай лініі з наском. Правая рука вольна сагнута і трымае вінтоўку так, што вялікі палец ляжыць на ствале, а астатнія сціскаюць ложу. Пры камандзе ж «На плячо» вінтоўка вісіць вольна на рамяні на правым плячы руляй угару, а ствол крыху адхілены назад.

– Хопіць балбатаць! – пачуўся зноў голас фельдфебеля Насакла. – Смірна! Раўненне направа!

Фельдфебель пачаў скручваць папяросу. Швейк тым часам згледзеў нумар вінтоўкі і раптам усклікнуў:

– Чатыры тысячы дзвесце шэсцьдзесят восем! Акурат такі нумар быў у аднаго паравоза ў Печках. Паравоз гэты стаяў на шаснаццатым пуці. Яго павінны былі адцягнуць на рамонт у дэпо ў Лысы на Лабе, але гэта не так лёгка было зрабіць, пан фельдфебель, бо ў старшага машыніста, якому даручылі туды яго перагнаць, была вельмі слабая памяць ва лікі. Тады начальнік дыстанцыі выклікае яго ў сваю канцылярыю і кажа: «На шаснаццатым пуці стаіць паравоз нумар чатыры тысячы дзвесце шэсцьдзесят восем. Я ведаю, у вас кепская памяць ва лікі, а калі вам запісаць нумар на паперы, то вы гэтую паперу таксама згубіце. Калі ў вас такая слабая памяць ва лікі, то паслухайце мяне ўважліва. Я вам давяду, што вельмі лёгка запомніць які хочаце нумар. Паслухайце: нумар лакаматыва, які трэба адвесці ў дэпо ў Лысы ва Лабе, – чатыры тысячы дзвесце шэсцьдзесят восем. Слухайце ўважліва. Першая лічба – чатыры, другая – два, цяпер вы ўжо помніце сорак два, гэта значыць двойчы два – чатыры, гэта першая лічба, якая, падзеленая на два, дае два, і побач будуць чатыры і два. Толькі не палохайцеся! Колькі будзе двойчы чатыры? Восем, ці не праўда? Дык запомніце, што васьмёрка ў нумары чатыры тысячы дзвесце шэсцьдзесят восем будзе па парадку апошняй. Пасля таго як вы запомнілі, што першая лічба – чатыры, другая – два, чацвёртая – восем, трэба нейкім хітрым спосабам запомніць і тую шасцёрку, што стаіць перад васьмёркай, а гэта надта проста. Першая лічба – чатыры, другая – два, а чатыры плюс два – шэсць. Цяпер вы ўжо дакладна ведаеце, што другая з канца лічба – шэсць, і гэты парадак лічбаў ужо ніколі не вылеціць у вас з галавы. У вас у памяці ўкаранілася лічба чатыры тысячы дзвесце шэсцьдзесят восем. Але вы можаце прыйсці да таго ж выніку яшчэ прасцей…