Паручнік Дуб наперад уяўляў сабе, як Швейк зробіць некалькі глыткоў і далей ужо не зможа, а ён, паручнік Дуб, атрымаўшы над ім такую поўную перамогу, скажа: «Дай жа і мне бутэльку, у мяне таксама смага» і як будзе выглядаць гэты махляр і круцель Швейк у гэтую грозную для яго хвіліну. Потым ён падасць рапарт і гэтак далей.
Швейк адкаркаваў бутэльку, прыклаў яе да вуснаў, і напой глыток за глытком знік у яго горле. Паручнік Дуб скамянеў. Швейк на яго вачах выпіў усё, не маргнуўшы вокам, адкінуў пустую бутэльку цераз дарогу ў сажалку, плюнуў і сказаў, быццам выпіў шкляначку мінеральнай вады:
– Асмелюся далажыць, пан лейтэнант, у гэтай вады сапраўды жалезісты смак. У Камыку на Влтаве адзін карчмар улетку рабіў для сваіх наведнікаў жалезістую ваду, кідаючы ў студню старыя падковы!
– Я табе дам старыя падковы! Пакажы тую студню, з якой ты набраў гэтай вады!
– Недалёка адсюль, пан лейтэнант, вунь за той драўлянай палаткай.
– Ідзі паперадзе, ты, нягоднік, я хачу бачыць, як ты трымаеш крок!
«Сапраўды дзіўна, – падумаў паручнік Дуб. – Па гэтым нягодніку нічога не відаць!»
Швейк ішоў наперад, аддаўшы сябе на волю божую. Нешта яму гаварыла, што паперадзе павінна быць студня, і таму ён ніколькі не здзівіўся, калі студня сапраўды там была. Нават і помпа была. Яны падышлі да студні. Швейк пачаў пампаваць, і пацякла жаўтаватая вада.
– Вось яна, жалезістая вада, пан лейтэнант, – урачыста абвясціў ён.
Наблізіўся спалоханы чалавек з пейсамі, і Швейк па-нямецку папрасіў яго прынесці шклянку – маўляў, пан лейтэнант хоча напіцца.
Паручнік Дуб ад усяго гэтага настолькі разгубіўся, што выпіў цэлую шклянку вады, ад якой у яго ў роце застаўся смак конскай мачы і гнаявой жыжкі. Зусім ачмурэўшы ад усяго перажытага, ён даў пейсатаму яўрэю за гэтую шклянку вады пяць крон і, павярнуўшыся да Швейка, сказаў:
– Ты чаго тут лупіш вочы? Марш адсюль! Праз пяць хвілін Швейк паявіўся ў штабным вагоне ў надпаручніка Лукаша, таямнічым жэстам выклікаў яго з вагона і паведаміў:
– Асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, праз пяць, самае большае праз дзесяць хвілін я буду ўшчэнт п’яны і завалюся спаць у сваім вагоне; асмелюся вас прасіць, пан обер-лейтэнант, каб вы мяне на працягу прынамсі трох гадзін не клікалі і ніякіх даручэнняў не давалі, пакуль я не высплюся. Усё ў па, радку, але мяне злавіў пан лейтэнант Дуб. Я яму сказаў, што гэта вада, і мусіў выпіць усю бутэльку каньяку, каб даказаць, што гэта вада. Усё ў парадку. Я нічога не выдаў, гэтак, як вы і жадалі, і быў асцярожны. Але цяпер, асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, я ўжо адчуваю, як у мяне дранцвеюць ногі. Аднак асмелюся далажыць, піць я прывычны, бо з панам фельдкуратам Кацам…