Светлый фон

– Згінь, шэльма! – крыкнуў надпаручнік Лукаш, але без усякага гневу, затое паручнік Дуб зрабіўся ў яго вачах яшчэ на пяцьдзесят працэнтаў меней сімпатычным, чым перад гэтым.

Швейк асцярожна ўлез у свой вагон і, кладучыся на сваім шынялі і кайстры, сказаў, звяртаючыся да старшага пісара і ўсіх астатніх:

– Адзін толькі раз нажлукцішся і папросіш не будзіць…

Пасля гэтага ён перавярнуўся і захроп.

За складаным сталом сядзеў вальнапісаны Марак, які пасля ўсіх сваіх нягод дасягнуў нарэшце пасады батальённага гістарыёграфа. Зараз ён апісваў на запас гераічныя подзвігі батальёна, і было відаць, што яму дае вялікае задавальненне гэты погляд у будучыню.

Старшы пісар Ванак даўно з цікавасцю сачыў, як старанна піша вальнапісаны і пры гэтым рагоча на ўсё горла. Ён устаў і нахіліўся да вальнапісанага, які пачаў яму высвятляць:

– Гэта, ведаеце, страшэнна вясёлы занятак – пісаць гісторыю батальёна ў запас. Галоўнае пры гэтым, каб усё развівалася сістэматычна. Ва ўсім павінна быць сістэма. Мы не можам атрымаць вялікую перамогу так адразу, ні з таго ні з сяго. Усё павінна развівацца паступова, згодна з пэўным планам. Наш батальён не можа адразу выйграць сусветную вайну. Для грунтоўнага гістарыёграфа, як я, галоўнае – гэта скласці план нашых перамог. Напрыклад, вось тут я апісваю, як наш батальён (гэта будзе месяцы праз два) ледзь не пераходзіць рускую мяжу, занятую вельмі моцнымі атрадамі непрыяцеля, дапусцім, данскімі казакамі. А некалькі непрыяцельскіх дывізій абходзяць нашы пазіцыі. На першы погляд здаецца, што наш батальён прапаў, што нас усіх пасякуць на кавалкі, але тут капітан Сагнер аддае загад па батальёну: «Бог не дасць нам загінуць, уцякайма!» Наш батальён уцякае, але варожая дывізія, якая нас абышла, бачыць, што мы, уласна, імчымся на яе. Яна ў перапалоху ўцякае ад нас і без адзінага выстралу трапляе ў рукі рэзервовых часцей нашай арміі. З гэтага, уласна кажучы, і пачынаецца гісторыя нашага батальёна. Ён ідзе ад перамогі да перамогі.

Вось наш батальён нападае на сонны непрыяцельскі лагер. Кожны наш салдат выбірае сабе аднаго непрыяцеля і з усёй сілы ўтыкае яму штык у грудзі. Выдатна адточаны штык уваходзіць, як у масла, толькі часам затрашчыць рабрына. Сонныя ворагі курчацца ўсім целам, на адно імгненне вылупліваюць свае здзіўленыя вочы, якія ўжо нічога не бачаць, яны хрыпяць і выцягваюцца. На вуснах сонных ворагаў выступае крывавая пена. Гэтым справа заканчваецца, і перамога на баку нашага батальёна. А вось яшчэ лепей. Гэта адбудзецца прыблізна месяцы праз тры. Наш батальён возьме ў палон рускага цара. Але пра гэта, пан Ванак, мы раскажам крыху пазней, а пакуль што я павінен падрыхтаваць у запас невялікія эпізоды, якія сведчаць пра наш бяспрыкладны гераізм. Для гэтага мне прыйдзецца выдумаць зусім новыя вайсковыя тэрміны. Адзін я ўжо выдумаў, я буду пісаць пра здольнасць нашых салдат, нашпігаваных асколкамі гранат, да самаахвярнасці. Выбухам варожага фугаса аднаму з нашых узводных, скажам, адзінаццатай або дванаццатай роты, адарве галаву.