Светлый фон

– А propos, – сказаў вальнапісаны, пляснуўшы сябе па лбе, – ледзь не забыўся, пан старшы пісар, або, кажучы па-цывільнаму, пан Ванак, вы павінны забяспечыць мяне спісам усіх унтэр-афіцэраў. Назавіце мне якога-небудзь пісара з дванаццатай роты. Гоўска? Хораша, дык значыцца, выбухам гэтага фугаса адарве галаву Гоўску. Галава адляціць, але цела зробіць яшчэ некалькі крокаў, прыцэліцца і саб’е непрыяцельскі аэраплан. Само сабой разумеецца, што гэтыя перамогі будуць урачыста адзначаны ў сямейным коле ў Шэнбруне. У Аўстрыі вельмі многа батальёнаў, але толькі адзін з ix, менавіта наш, так вызначыцца, што выключна дзеля яго будзе наладжана невялікая, нават інтымная ўрачыстасць імператарскага дома.

Праўда, як бачна з маіх нататак, наш батальён панясе адчувальныя і цяжкія страты, бо батальён без паўшых – не батальён. Трэба будзе падрыхтаваць новы артыкул пра нашых паўшых. Гісторыя батальёна не можа складацца толькі з сухіх фактаў аб перамогах, якіх я наперад адзначыў каля сарака дзвюх. Вы, напрыклад, пан Ванак, загінеце каля невялікай рэчкі, а вось Балоўн, які так дзіка ўтаропіўся ў нас, загіне своеасаблівай смерцю – не ад кулі, не ад шрапнелі і не ад гранаты. Ён будзе задушаны арканам, закінутым з непрыяцельскага самалёта акурат у тую хвіліну, калі будзе жраць абед свайго обер-лейтэнанта Лукаша.

– А мне якую смерць вы рыхтуеце? – пацікавіўся старшы пісар Ванак.

– Толькі не спяшайцеся, пан старшы пісар, так хутка гэта не робіцца.

Вальнапісаны задумаўся.

– Вы з Кралупаў? Так, здаецца? Тады можаце напісаць дамоў, у Кралупы, што вы прападзяце без весткі, але толькі напішыце неяк асцярожна. А, можа, вы лічылі б за лепшае быць цяжка параненым і застацца ляжаць за драцянымі загародамі? Ляжыце вы гэтак сабе з перабітай нагою цэлы дзень. Уначы непрыяцель асвятляе пражэктарам нашы пазіцыі і выяўляе вас. Мяркуючы, што вы выконваеце разведвальную службу, ён пачынае па вас садзіць гранатамі і шрапнеллю. Вы зрабілі арміі велізарную паслугу, непрыяцельскае войска выдаткавала на вас столькі боепрыпасаў, колькі траціць на цэлы батальён. Пасля ўсіх гэтых выбухаў часткі вашага цела вольна плаваюць у паветры, спяваючы вялікі спеў перамогі.

Тэлефаніст Хадоўнскі і кухар Юрайда з вялікай цікавасцю слухалі паведамленне вальнапісанага пра будучую гісторыю батальёна.

– Падыдзіце бліжэй, панове, – сказаў вальнапісаны, гартаючы свае нататкі:

– Вось! Старонка пятнаццатая: «Тэлефаніст Хадоўнскі паў трэцяга верасня адначасова з батальённым кухарам Юрайдам». Слухайце далей мае нататкі: «Бяспрыкладны гераізм. Першы, знаходзячыся бяззменна тры дні каля тэлефона, з небяспекай для жыцця аберагае ў сваім бліндажы тэлефонны провад. Другі, заўважыўшы небяспеку абходу з флангу, з катлом гарачага супу кідаецца на ворага, сее паніку ў яго радах. Якая прыгожая смерць у абодвух! Першы падрываецца на фугасе, другі памірае ад удушлівых газаў, якія яму сунулі пад самы нос, калі ў яго ўжо не было чым бараніцца. Яны гінуць з воклічамі: «Няхай жыве наш батальённы камандзір!»