Светлый фон

– Гэта жахліва, – уздыхнуў Балоўн. – Ніколі не думаў, што мяне можа чакаць нешта падобнае.

Салдатам аб’явілі, што абед будзе за Палотай на Лупкаўскім перавале, таму старшы пісар батальёна разам з кухарамі ўсіх рот і паручнікам Цайтгамлем, які загадваў гаспадаркай батальёна, выкіраваліся ў вёску Медзылабарац. У якасці патруля да іх былі далучаны чатыры салдаты.

Не прайшло і паўгадзіны, як яны вярнуліся з трыма парасятамі, звязанымі за заднія ногі, а следам за імі з плачам плялася сям’я русіна, у якога былі рэквізаваны парасяты, і брыў тоўсты вайсковы лекар з барака Чырвонага Крыжа. Лекар нешта горача тлумачыў паручніку Цайтгамлю, а той толькі паціскаў плячыма.

Спрэчка дасягнула апагея каля штабнога вагона, калі вайсковы лекар пачаў даказваць капітану Сагнеру, што парасяты гэтыя прызначаны для шпіталя Чырвонага Крыжа. Селянін жа нічога не хацеў ведаць і патрабаваў, каб парасят яму вярнулі, бо гэта яго апошняя маёмасць і што ён ніяк не можа іх аддаць за тую цану, якую яму выплацілі. Пры гэтым ён тыцкаў капітану Сагнеру ў руку атрыманыя ім за парасят грошы, а жонка трымала капітана за другую руку і цалавала яе з той прыніжанасцю, якой гзты край вызначаўся заўсёды.

Капітан Сагнер быў разгублены, і яму з цяжкасцю ўдалося адштурхнуць старую сялянку. Але гэта нічога не змяніла – яе замянілі маладыя сілы, якія, у сваю чаргу, пачалі слініць яму рукі.

Паручнік Цайтгамль заявіў тонам гандляра:

– У гэтага мужыка засталося яшчэ дванаццаць парасят, і яму было зусім правільна выплачана паводле апошняга дывізіённага загаду нумар дванаццаць тысяч чатырыста дваццаць, частка гаспадарчая. Параграф шаснаццаты гэтага загада прадугледжвае, што свіней трэба купляць у мясцінах, якія не пацярпелі ад вайны, не даражэй, чым дзве кроны шаснаццаць гелераў за адзін кілаграм жывой вагі. У мясцінах, закранутых вайной, на адзін кілаграм жывой вагі дадаецца трыццаць шэсць гелераў, што складзе за адзін кілаграм дзве кроны пяцьдзесят два гелеры. Да гэтага ёсць заўвага: у выпадку, калі будзе выяўлена, што ў мясцінах, закранутых вайной, гаспадаркі засталіся цэлымі і спраўнымі з поўным складам свінога пагалоўя, то свінні могуць быць адпраўлены для забеспячэння часцей, якія праходзяць праз гэтую мясціну; выплачваць жа за рэквізаваную свініну трэба, як у мясцінах, вайною не закранутых, з асаблівай прыплатай за адзін кілаграм жывой вагі ў памеры дванаццаці гелераў. Калі ж сітуацыя не зусім выразная, то неадкладна саставіць на месцы камісію з зацікаўленай асобы, камандзіра вайсковай часці і таго афіцэра або старшага пісара (калі гаворка ідзе аб невялікім падраздзяленні), якому даручана гаспадарчая частка.