Праз чвэрць гадзіны паехалі далей, праз выпаленыя вёскі Брэстаў і Вялікі Радвань на Новую Чабіну. Па ўсім было відаць, што тут ішлі цяжкія баі. Схілы Карпатаў былі зрэзаны акопамі, якія цягнуліся з даліны ў даліну ўздоўж палатна чыгункі з новымі шпаламі. Паабапал дарогі трапляліся вялікія варонкі ад снарадаў. Сямтам над рэчкамі, якія ўпадаюць у Лабарац (дарога вяла ўздоўж вярхоўяў Лабарца), можна было ўбачыць новыя масты і абгарэлыя апоры старых.
Уся Медзылабарацкая даліна была раскапана так, быццам тут працавалі арміі гіганцкіх кратоў. Шаша за рэчкай таксама была раскапана і разварочана, палеткі ўздоўж яе былі вытаптаны лавінамі войск.
Пасля дажджоў і ліўняў па краях варонак вытыркаліся з зямлі шматкі аўстрыйскіх мундзіраў. За Новай Чабінай на старой абгарэлай сасне, заблытаўшыся ў галлі, вісеў чаравік аўстрыйскага пехацінца з часткай галёнкі.
Відавочна, тут пагуляў артылерыйскі агонь: лясы стаялі без лістоты, без ігліцы, дрэвы без вершалін, хутары былі разбураны снарадамі.
Поезд павольна сунуўся па свежым, наспех зробленым насыпе, так што ўвесь батальён меў магчымасць дасканала азнаёміцца з чарамі вайны і, гледзячы на вайсковыя могілкі з белымі крыжамі, якія свяціліся на раўнінах і на схілах спустошаных узгоркаў, мог не спяшаючыся, але грунтоўна падрыхтаваць сябе да ратнай славы, якая завяршаецца запырсканай брудам аўстрыйскай фуражкай на белым крыжы.
Немцы з Кашперскіх гор, якія сядзелі ў задніх вагонах і яшчэ ў Мілавіцах гарлапанілі пры ўездзе на станцыю сваю песню: «Калі я вярнуся, калі я вярнуся…», ужо ад Гуменнэ сядзелі ціха, як мышы пад венікам, бо зразумелі, што многія з тых, чые фуражкі зараз паныла вісяць на крыжах, таксама спявалі аб тым, як цудоўна будзе, калі яны вернуцца і назаўсёды застануцца дома са сваёй мілай.
У Медзылабарцы поезд прайшоў міма разбітага, спаленага вакзала, з закураных сцен якога тырчалі скручаныя бэлькі, і спыніўся. Новы доўгі драўляны барак, спехам пабудаваны на месцы спаленага вакзала, быў залеплены плакатамі на ўсіх мовах: «Падпісвайцеся на аўстрыйскую ваенную пазыку!»
У другім, гэткім жа доўгім бараку размяшчаўся пункт Чырвонага Крыжа. Адтуль выйшлі тоўсты вайсковы лекар і дзве міласэрных сястрыцы, якія без упыну рагаталі з тоўстага лекара – ён, каб іх павесяліць, імітаваў крыкі розных жывёлін і няўдала рохкаў.
Пад чыгуначным насыпам у даліне ляжала разбітая палявая кухня. Паказваючы на яе, Швейк сказаў Балоўну:
– Зірні, Балоўн, што нас чакае ў бліжэйшай будучыні. Акурат павінны былі раздаваць абед, а тут прыляцеў снарад, і вось што засталося ад кухні.