Вальнапісаны Марак выклікаў на кухні скандал, бо хацеў застацца справядлівым, і калі кухар паклаў яму ў кацялок з поліўкай ладны кавалак варанага філе, сказаўшы пры гэтым: «Гэта нашаму гістарыёграфу» – Марак заявіў, што на вайне ўсе салдаты роўныя, і гэта ўсімі было ўхвалена і паслужыла прычынай аблаяць кухараў. Вальнапісаны кінуў кавалак мяса назад, падкрэсліўшы гэтым, што не хоча для сябе ніякіх прывілей. У кухні, аднак, гэтага жэсту не зразумелі, мяркуючы, што батальёны гістарыёграф незадаволены прапанаваным кавалкам, таму кухар паціху сказаў яму, каб прыйшоў пасля раздачы абеду, тады ён адрэжа яму частку кумпяка.
У пісараў таксама льсніліся морды, санітары адсопваліся пасля багатага стала, а побач з гэтай ласкай боскай валяліся яшчэ не прыбраныя рэшткі нядаўніх баёў. Паўсюль былі раскіданы патронныя абоймы, пустыя бляшанкі з-пад кансерваў, шматкі рускіх, аўстрыйскіх і нямецкіх мундзіраў, часткі разбітых павозак, доўгія акрываўленыя стужкі марлевых бінтоў і вата. У старой сасне каля былога вакзала, ад якога засталася толькі куча руін, тырчала неўзарваная граната. Усюды можна было ўбачыць асколкі снарадаў, а недзе ў непасрэднай блізкасці, напэўна, хавалі трупы салдат, адтуль страшэнна патыхала гнілізнай.
Паўразбураная воданапорная вежа, драўляная будка чыгуначнага вартаўніка і ўвогуле ўсё, што мела нейкую сцяну, было здзіраўлена ружэйнымі кулямі на рэшата. Для воўнай карціны хараства вайны непадалёк, за ўзгоркам, узнімаліся клубы дыму, нібы там гарэла цэлая вёска або знаходзіўся самы цэнтр ваенных аперацый. Гэта спальвалі халерныя і дызентэрыйныя баракі на радасць тых паноў, якія прымалі ўдзел у арганізацыі гэтага шпіталя пад патранатам вялікай князёўны Марыі і пры гэтым кралі, набівалі сабе кішэні, падаючы рахункі за збудаванне неіснуючых халерных і дызентэрыйных баракаў. Сёння адна група баракаў расплачвалася за ўсе астатнія і ў смуродзе палаючых сеннікоў узносіліся ў неба ўсе рабункі, ажыццёўленыя пад высокім заступніцтвам.
За вакзалам на скале немцы паспяшаліся паставіць помнік паўшым брандэнбуржцам з надпісам «Героям Лупкаўскага перавалу», з вялікім германскім арлом, адлітым з бронзы, прычым у надпісе на пастаменце было асабліва падкрэслена, што гэтая эмблема адлітая з рускіх гармат, захопленых пры вызваленні Карпат германскімі палкамі.
У гэтай дзіўнай і яшчэ не звыклай для яго атмасферы батальён адпачываў пасля абеду ў вагонах, а капітан Сагнер з батальённым ад’ютантам ніяк не маглі з дапамогай шыфраваных тэлеграм дамовіцца з базай брыгады пра далейшы маршрут батальёна. Паведамленні былі настолькі незразумелыя, што з іх можна зрабіць толькі адзіны вывад: ехаць на Лупкаўскі перавал не трэба было, а належала ехаць ад Новага Месца каля Шатара ў зусім іншым кірунку.