Пасля вяртання капітана Сагнера ў штабным вагоне пачынаюцца дэбаты аб яўнай бесталкоўшчыне, прычым робяцца намёкі, што, калі б не германцы, усходняя вайсковая група зусім бы разгубілася. Паручнік Дуб спрабуе абараняць бесталкоўшчыну аўстрыйскага штаба і лапоча нешта аб тым, што тутэйшы край быў спустошаны нядаўнімі баямі і чыгуначнае палатно яшчэ не даведзена да належнага парадку. Усе афіцэры глядзяць на яго са спачуваннем, нібы хочуць сказаць: «Гэты пан не вінаваты. Такі доўбень ён ад прыроды». Капітан Сагнер прымае рашэнне: калі яны будуць у акопах і становішча зробіцца асабліва небяспечным, ён пры першай жа магчымасці пашле паручніка Дуба за драцяныя загароды ў якасці афіцэра-разведчыка для рэкагнасцыроўкі непрыяцельскіх пазіцый. Капітан Сагнер шэпча надпаручніку Лукашу, які высунуўся гэтак жа, як і ён, з акна вагона:
– Наслаў жа чорт на нашу галаву гэтых цывільных! Чым вышэй адукацыя, тым большы дурань!
Здавалася, што паручнік Дуб не перастане гаварыць – ён пераказваў афіцэрам усе, што вычытаў з газет аб карпацкіх баях і аб змаганні за карпацкія перавалы ў час аўстра-германскага наступлення. Ён расказваў так, быццам ён не толькі сам удзельнічаў у баявых аперацыях, але і кіраваў імі.
Асаблівую агіду выклікалі яго выказванні такога тыпу: «Потым мы рушылі на Букоўска, каб забяспечыць за сабой лінію Букоўска – Дынуў, падтрымліваючы сувязь з бардзеёўскай групай каля Вялікай Палянкі, дзе мы разбілі самарскую дывізію непрыяцеля».
Надпаручнік Лукаш не вытрымаў і дапоўніў прамову паручніка Дуба: «Аб чым ты, напэўна, яшчэ да вайны гаварыў са сваім акруговым начальнікам?»
Паручнік Дуб варожа зірнуў на надпаручніка Лукаша і выйшаў з вагона.
Вяртаючыся да свайго вагона, Швейк сустрэў дзеншчыка паручніка Дуба Кунерта. Твар у таго распух, і небарака невыразна прамармытаў, што ў яго была сутычка з яго гаспадаром, панам паручнікам Дубам, які ні з таго ні з сяго надаваў яму аплявух, бо ў яго, нібыта, ёсць неабвержныя доказы яго хаўрусавання са Швейкам.
– У такім выпадку, – спакойна разважыў Швейк, – пайшлі падаваць рапарт. Аўстрыйскі салдат абавязаны цярпець аплявухі толькі ў пэўных выпадках. Твой пан перакрочыў усе межы. Цяпер ты абавязаны ісці на рапарт, а калі не пойдзеш, дык я сам надаю табе аплявух. Тады ты будзеш ведаць, што такое воінская дысцыпліна. У Карлінскіх казармах быў нейкі лейтэнант Гаўснер. У яго таксама служыў дзяншчык, Якога ён лупіў па мордзе і ганяў выспяччам. Неяк ён так набіў морду гэтаму дзеншчыку, што той зусім ачмурэў і пайшоў з рапартам, а пры рапарце ўсё пераблытаў і сказаў, што яму надавалі выспяткаў. Ну, лейтэнант даказаў, што салдат хлусіць: ён у той дзень ніводнага выспятка яму не даваў, біў толькі па мордзе. Вядома, гэтага любага дзеншчыка за лжывае данясенне арыштавалі на тры тыдні. Але гэта нічога не мяняе, – працягваў Швейк. – Якраз так, як любіў гаварыць студэнт-медык Гоўбічка: усё адно, каго анатаміраваць у паталагічным інстытуце – ці таго, што павесіўся, ці таго, што атруціўся. Я іду з табой. Аплявухі ў войску сеё-тое значаць.