– Ежыш Марыя! – усклікнуў надпаручнік Лукаш і дадаў:
– Я вам бы, Швейк, сёе-тое сказануў з гэтага выпадку, але не хачу сабе псаваць вячэры.
Швейк на гэта адказаў:
– Я ж вам гаварыў, пан обер-лейтэнант, што раскажу нешта страшэнна бязглуздае.
Надпаручнік Лукаш толькі рукой махнуў:
– Ад вас я такой бязглуздзіцы наслухаўся па горла.
– Не ўсе ж могуць быць разумнымі, пан обер-лейтэнант, – пераканана сказаў Швейк, – у выглядзе выключэння павінны быць і дурныя, бо калі б усе былі разумнымі, то ва свеце было б столькі розуму, што ад гэтага кожны другі чалавек зрабіўся б найвялікшым дурнем. Калі б напрыклад, асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, кожны ведаў законы прыроды і ўмеў вылічваць нябесныя адлегласці, то ён гэтым толькі б усім дакучаў, як нейкі пан Чапэк, які хадзіў у шынок «Ля келіха». Уначы ён заўсёды выходзіў з піўной на вуліцу, разглядваў зорнае неба, а вярнуўшыся ў шынок, хадзіў ад аднаго стала да другога і паведамляў: «Сёння прыгожа свеціць Юпітэр. Ты, хам, нават не ведаеш, што ў цябе над галавой! Гэта такая адлегласць, што калі б табой, нягоднік, зарадзіць гармату і выстраліць, дык ты ляцеў бы да яго з хуткасцю снарада мільёны і мільёны гадоў». Пры гэтым ён паводзіў сябе так вульгарна, што звычайна сам вылятаў з шынка з хуткасцю звычайнага трамвая, прыблізна, пан обер-лейтэнант, кіламетраў дзесяць у гадзіну. Або возьмем, напрыклад, пан лейтэнант, мурашак…
Надпаручнік Лукаш прыўзняўся на кушэтцы і ўмольна склаў рукі:
– Я сам сабе здзіўляюся, чаму я да гэтага часу вяду з вамі размовы, Швейк, бо я, Швейк вас так даўно ведаю…
Швейк у знак згоды заківаў галавой.
– Гэта прывычка, пан обер-лейтэнант. Сутнасць справы якраз у тым, што мы ўжо даўно ведаем адзін аднаго і ўжо нямала перажылі разам. Мы ўжо столькі адпакутавалі і заўсёды не па сваёй віне. Асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, – гэта лёс. Што пан імператар ні робіць, усё на лепшае выходзіць: ён нас сабраў разам, і я сабе не жадаю нічога іншага, як толькі быць вам хоць чым-небудзь карысным. Вы не галодныя, пан обер-лейтэнант?
Надпаручнік Лукаш, які тым часам зноў выцягнуўся на старой кушэтцы, сказаў, што апошняе пытанне Швейка – гэта найлепшая развязка нуднай размовы. Няхай Швейк пойдзе спытаць, як там з вячэрай. Будзе, несумненна, лепей, калі Швейк пабудзе трохі на вуліцы і пакіне яго аднаго, бо тыя дурноты, якія давялося ад яго выслухаць, стамляюць яго болей, чым увесь паход да Санака. Ён хацеў бы хоць на хвіліну заснуць, але не можа.
– Гэта з-за клапоў, пан обер-лейтэнант. Даўно людзі гавораць, што святары плодзяць клапоў. Нідзе не знойдзеш столькі клапоў, як у доме святара. У сваім доме ў Горніх Стодулках святар Замасціл нават напісаў цэлую кнігу пра клапоў. Яны поўзалі па ім нават у час казані.