Светлый фон

Такім чынам, патруль пацягнуў іх з сабой, і яны прасядзелі аж да ранку і чакалі гэтага старшага вахмістра, які тым часам кружной дарогай прабраўся да «Келіха» на Боішці, пабудзіў старшага вахмістра Губічку і са ўсёй асцярожнасцю расказаў яму пра выпадак, намякнуўшы, што можа ўсчацца важнае следства, калі ён не будзе трымаць язык за зубамі.

Надпаручнік Лукаш, напэўна, стаміўся ад балачак. Перш чым пусціць каня рыссю, каб абагнаць авангард, ён сказаў Швейку:

– Калі б вы гаварылі аж да вечара, то чым далей, там было б дурней.

– Пан обер-лейтэнант, – крычаў Швейк услед надпаручніку, – а вы не хочаце ведаць, як усё гэта скончылася?

Стан паручніка Дуба настолькі палепшыўся, што ён здолеў вылезці з санітарнай двухколкі, сабраў вакол сябе ўвесь штаб роты і звярнуўся да яго са страшэнна доўгай прамовай, якая абцяжарвала людзей болей, чым вінтоўкі і амуніцыя. Гэта была мешаніна розных павучанняў. Ён пачаў:

– Любоў салдат да паноў афіцэраў робіць магчымымі неверагодныя ахвяры, але зусім не абавязкова, – і нават наадварот, – каб гэтая любоў была прыроджанай. Калі ў салдата няма прыроджанай любові, то яго варта да гэтага прымусіць. У цывільным жыцці вымушаная любоў аднаго да другога, скажам, школьніка да настаўніцкага персаналу, працягваецца да таго часу, пакуль існуе знешняя сіла, якая гэтую любоў выклікае. На вайсковай службе мы назіраем якраз адваротнае: афіцэр не мае права дапускаць з боку салдата нават найменшага паслаблення той любові, якая прывязвае яго да начальніка. Гэтая любоў – не проста любоў, гэта, уласна кажучы, пашана, страх і дысцыпліна.

Швейк увесь гэты час ішоў з левага боку санітарнай павозкі. I пакуль паручнік Дуб гаварыў, Швейк ішоў, павярнуўшы да яго галаву, быццам робячы «раўненне направа».

Паручнік Дуб спачатку не заўважаў гэтага і працягваў сваю прамову:

– Гэтую дысцыпліну і абавязак паслухмянасці, абавязковую любоў салдата да афіцэра можна выказаць вельмі коратка: адносіны паміж салдатам і афіцэрам нескладаныя – адзін падначальваецца, другі – загадвае. Мы ўжо даўно ведаем з кніг пра вайсковае майстэрства, што вайсковы лаканізм, ваенная простасць з’яўляюцца тым дабрадзействам, якое павінен засвоіць салдат, што хоцькі-няхоцькі любіць свайго начальніка. Начальніку яго вачах павінен быць найвялікшым, завершаным, выкрышталізаваным узорам дасканаласці і цвёрдай волі.

Толькі цяпер паручнік Дуб заўважыў, што Швейк, гледзячы на яго, увесь час трымае «раўненне направа». Яму гэта было страшэнна непрыемна, бо раптам ён адчуў, што заблытаўся ў сваёй прамове і не можа выкараскацца з канавы любові салдата да начальніка, і таму закрычаў на Швейка: