– Гэта сапраўды дзіўна, Швейк, – сказаў надпаручнік Лукаш, – вы, як я ўжо вам шмат разоў гаварыў, маеце звычку асаблівым чынам прыніжаць афіцэраў.
– Не маю я такой звычкі, – шчыра адказаў Швейк. – Я толькі хацеў вам расказаць, як раней людзі ў арміі самі даводзілі сябе да няшчасця. Гэты чалавек думаў, што ён больш адукаваны, чым обер-лейтэнант, і хацеў тым Месяцам прынізіць яго ў вачах салдат. А калі атрымаў зусім зямную аплявуху, дык усе з палёгкай уздыхнулі, нікому гэта не было непрыемна, наадварот, усім спадабалася, як пан обер-лейтэнант зрабіў такі ўдалы досціп з гэтай зямной аплявухай, гэта называецца выратаваць становішча. Бывае ж, што чалавека так азарае! А ўвогуле, чалавечае жыццё настолькі складанае, што існаванне асобнага чалавека, пан надпаручнік, асмелюся далажыць, як ануча якая. Яшчэ да вайны да нас у шынок «Ля келіха» на Боішці хадзілі паліцэйскі, старшы вахмістр пан Губічка і адзін рэпарцёр, які цікавіўся зламанымі нагамі, раздушанымі людзьмі, самазабойцамі і даваў гэта ўсё ў газеты. Чалавек ён быў вясёлы, і ў дзяжурным пакоі паліцыі бываў часцей, чым у рэдакцыі. Аднойчы ён напаіў старшага вахмістра Губічку, памяняўся з ім адзеннем у кухні, так што стары вахмістр быў у цывільным, а пан рэдактар ператварыўся ў старшага вахмістра паліцыі. Ён толькі прыкрыў нумар рэвальвера і выйшаў на вуліцу патруляваць. На Рэславай вуліцы, за былой Сватавацлаўскай турмой, напаткаў ён у начной цішыні пажылога пана ў цыліндры і ў кажуху, які вёў пад руку пажылую жанчыну ў мехавым манто. Абодва спяшаліся дадому і не гаварылі ні слова. Ён накінуўся на ix і як гаркне таму пану ў вуха: «Не крычыце так, бо я вас адвяду!» Уявіце сабе, пан обер-лейтэнант, іх пярэпалах! Марна яны яму высвятлялі, што, відаць, тут нейкая памылка, яны вяртаюцца з гасцей у пана намесніка. Экіпаж давёз іх да Нацыянальнага тэатра, а цяпер яны хацелі б праветрыцца. Жывуць яны недалёка, на Морані, сам ён радца з канцылярыі саветніка, а гэта яго жонка. «Вы мяне не дурыце, – крычаў на яго пераапрануты рэдактар, – вам павінна быць сорамна, калі вы, як вы заяўляеце, радца канцылярыі намесніка, а паводзіце сябе як хлапчук. Я за вамі ўжо даўно назіраю, я бачыў, як вы палкаю калацілі па жалезных шторах усіх крам, якія трапляліся вам па дарозе, і пры гэтым ваша, як вы кажаце, жонка, вам дапамагала». – Ды ў мяне ж, як бачыце, ніякай палкі няма. Гэта, можа, нехта перад намі». – «Як жа гэтая палка можа быць у вас, – кажа пераапрануты рэпарцёр, – калі вы яе зламалі, я гэта сам бачыў, там за рогам аб бабулю, якая разносіць па шынках печаную бульбу і каштаны». Дама нават плакаць не магла, а пан радца так раззлаваўся, што пачаў нават гаварыць пра грубасць, пасля чаго быў арыштаваны і перададзены бліжэйшаму патрулю ў раёне камісарыята на Салмавай вуліцы. Пераапрануты рэпарцёр загадаў гэтую пару адвесці ў камісарыят, бо абодва парушылі начную цішыню і спакой і прымалі ўдзел у начной бойцы, а ён спяшаецца, ён прыйдзе праз гадзіну.