– Дайце мне спакой, Швейк, са сваімі дурнымі размовамі і паглядзіце лепей з Ванакам па карце, куды вам трэба ісці. Вось тут вы бачыце гэтую вёску. Адсюль вы павернеце направа да рэчкі і па яе цячэнні дойдзеце да бліжэйшай вёскі. Ад першага ручая, які ўпадае ў раку, ён будзе ў вас па правую руку, пойдзеце палявой дарогай угару, прама на поўнач. Заблудзіцца тут нельга. Вы трапіце ў Фельдштэйн і нікуды болей. Запомнілі?
Швейк са старшым пісарам Ванакам скіраваліся ў дарогу па маршруту. Было за поўдзень. Парыла. Зямля цяжка дыхала, з кепска засыпаных салдацкіх магіл патыхала трупным пахам. Яны прыйшлі ў мясціны, дзе ішлі баі ў час наступлення на Перамышль. Тут кулямётамі былі скошаны цэлыя батальёны. У малых гаёчках каля ракі былі відаць сляды артылерыйскага агню. На шырокіх раўнінах і на схілах гор з зямлі тырчалі нейкія цурбалкі замест дрэў, і ўся гэтая пустыня была спаласавана траншэямі.
– Тут усё выглядае не так, як пад Прагай, – заўважыў Швейк, абы не маўчаць.
– У нас ужо скончылася жніво, успомніў старшы пісар Ванак. – У Кралупскай акрузе пачынаюць жаць навей за ўсіх.
– Тут пасля вайны будзе вельмі добры ўраджай, – праз хвіліну сказаў Швейк. – Не трэба будзе купляць касцяной мукі. Для сялян вельмі выгадна, калі на іх полі згніе цэлы полк; карацей кажучы, для іх гэта збожжа. Адно толькі непакоіць мяне, каб гэтыя сяляне не далі сябе абдурыць і не прадалі б за бесцань гэтыя салдацкія косці цукроваму заводу на касцяны вугаль. Быў у Карлінскіх казармах обер-лейтэнант Голуб. Такі быў вучоны, што ў роце яго лічылі прыдуркаватым, бо ён з-за сваёй вучонасці не навучыўся лаяць салдат і аб усім разважаў толькі з навуковага пункту гледжання. Аднойчы салдаты яму далажылі, што раздадзены хлеб непрыдатны да яды. Другога афіцэра такая дзёрзкасць абурыла б, а ён – не, застаўся спакойны, нікога нават не абазваў свіннёй ці, скажам, бруднай свіннёй, нікому не заехаў у морду. Толькі сабраў усіх салдат і гаворыць ім сваім прыемным голасам: «Салдаты, вы павінны ўсвядоміць, што казармы – гэта не гастранамічная крама, дзе вы можаце выбіраць марынаваных вугроў, сардзінкі і бутэрброды. Кожны салдат павінен быць настолькі разумны, каб без нараканняў сажраць усё, што выдаецца, і настолькі дысцыплінаваны, каб не задумвацца над якасцю таго, што даюць жэрці. Уявіце сабе, салдаты, што ідзе вайна. Зямлі, у якой вас пахаваюць, пасля бою, усё роўна, якім хлебам вы напхаліся перад смерцю. Яна – зямля-матухна – раскладзе і зжарэ вас разам з ботамі. У свеце нішто не згубіцца. З вас, салдаты, вырасце збожжа, якое пойдзе на новы хлеб для новых салдат. А явы, можа, гэтак жа, як і вы, будуць скардзіцца і натрапяць на такога, што іх арыштуе і пасадзіць на доўгія гады, бо мае на гэта права. Цяпер я вам, салдаты, усё добра высветліў і яшчэ раз паўтараць не буду: той, хто надалей будзе скардзіцца, той навек закаецца». – «Хоць бы аблаяў нас як след», – гаварылі салдаты, таму што ўсе гэтыя далікатнасці ў лекцыях пана обер-лейтэнанта страшна абрыдлі. Аднаго разу мяне выбралі прадстаўніком ад усёй роты. Я павінен быў яму сказаць, што ўсе яго любяць, але войска не войска, калі цябе не лаюць. Я пайшоў да яго йа кватэру і папрасіў не саромецца: вайсковая служба павінна быць суровай, як салдацкая папруга, салдаты прывыклі, каб ім штодня нагадвалі, што яны свінні і сабакі, інакш яны страцяць павагу да начальнікаў. Ён спачатку натурыўся, гаварыў нешта пра інтэлігентнасць, пра тое, што цяпер ужо нельга служыць з-пад палкі. Урэшце я яго ўгаварыў, ён даў мне аплявуху і, каб падняць свой аўтарытэт, выкінуў мяне за дзверы. Калі я паведаміў аб выніках сваіх перагавораў, усе вельмі абрадаваліся, але ён нашу радасць сапсаваў на другі ж дзень. Падыходзіць да мяне і перад усімі кажа: «Швейк, я ўчора перабраў меру, вось вам залаты, выпіце за маё здароўе. З салдатамі трэба ўмець абыходзіцца». Швейк агледзеўся.