– Мне здаецца, мы ідзём няправільна. Пан обер-лейтэнант нам усё так добра расказаў. Нам трэба ісці нагару, потым уніз, потым налева і направа, потым зноў направа, потым налева, а мы ўвесь час ідзём прама. Або мы ўсё ўжо прайшлі і за размовай не заўважылі… Я выразна бачу перад сабой дзве дарогі ў гэты Фельдштэйн. Я прапанаваў бы далей ісці па той дарозе, што злева.
Як звычайна бывае, калі двое апынуцца на ростанях, старшы пісар Ванак пачаў запэўніваць, што трэба ісці направа.
– Мая дарога, – сказаў Швейк, – больш выгодная, чым ваша. Я пайду ўздоўж ручая, дзе растуць незабудкі, а вы будзеце перціся пустэчай. Я прытрымліваюся таго, што нам сказаў пан обер-лейтэнант, мы заблудзіцца не можам, а калі мы не можам заблудзіцца, дык чаго я палезу некуды на гару, я пайду роўненька па лугах, уваткну сабе кветку ў фуражку і нарву букет для пана обер-лейтэнанта. Зрэшты, мы можам потым пераканацца, хто з нас гаворыць праўду, і спадзяюся, мы разыдземся добрымі таварышамі. Тут такая мясцовасць, што ўсе дарогі павінны весці ў Фельдштэйн.
– Не блазнуйце, Швейк, – сказаў Ванак, – na Rapide мы павінны ісці, як я гаварыў, направа.
– Карта таксама можа памыляцца, – адказаў Швейк, спускаючыся ў даліну да ручая. – Аднойчы каўбаснік Кржэнек з Вінаградаў вяртаўся ўначы, прытрымліваючыся плана горада Прагі, ад «Мантагаў» на Малай Стране дамоў на Вінаграды, a пад раніцу прыйшоў у Роздзелаў каля Кладна. Яго знайшлі зусім знясіленым і змерзлым у жыце, куды ён зваліўся ад стомы. Калі вы не даяце мне сказаць і, лічыце, што ў вас свая галава на плячах, то давайце зараз жа разыдземся і сустрэнемся ўжо на месцы, у Фельдштэйне. Паглядзіце толькі на гадзіннік, каб нам ведаць, хто прыйдзе раней. Калі вам будзе пагражаць якая-небудзь небяспека, то выстраліце ў паветра, каб я ведаў, дзе вы знаходзіцеся.
Пад вечар Швейк прыйшоў да невялікай сажалкі, дзе сустрэў рускага, які збег з палону і вырашыў тут пакупацца. Заўважыўшы Швейка, рускі вылез з вады і голы кінуўся наўцёкі.
Швейку стала цікава, як бы выглядала яа ім руская вайсковая форма, якая валялася тут жа пад вербачкамі. Ён хутка распрануўся і надзеў форму няшчаснага голага рускага, які збег з эшалона ваеннапалонных, што размяшчаўся ў вёсцы за лесам. Швейк захацеў дакладна сябе разглядзець і хадзіў па плаціне сажалкі, пазіраючы на сваё адлюстраванне ў вадзе. Там яго і знайшоў патруль палявой жандармерыі, які вёў пошукі рускага ўцекача. Жандары былі венгры і, нягледзячы на пратэсты Швейка, пацягнулі яго ў этапную ўправу ў Хыраве, дзе яго ўключылі ў транспарт рускіх палонных, прызначаных для працы па рамонту чыгуначнай лініі на Перамышль.