Светлый фон

Якраз сёння афіцэры батальёна ладзілі ўрачыстую вячэру. У складчыну купілі свінню, а кухар Юрайда з гэтай нагоды рыхтаваў для афіцэраў вялікую пагулянку.

Тым часам наверсе ўжо сабраліся афіцэры батальёна і, урачыста чакаючы таго, што нараджалася ўнізе, у кухні, пілі – не маючы ніякага іншага алкаголю – брыдкую самагонку, закрашаную адварам цыбулі ў жоўты колер. Яўрэй-гандляр запэўніваў, што гэта найлепшы і найсапраўднейшы французскі каньяк, які застаўся яму ў спадчыну ад бацькі, а той яго атрымаў таксама ў спадак ад нябожчыка дзядулі.

– Гэй, ты! – гаркнуў яму капітан Сагнер, – калі ты яшчэ прыхлусіш, што твой прадзед купіў яго ў французаў, як яны ўцякалі з Масквы, то я загадаю цябе пасадзіць за краты, аж пакуль самы малодшы з тваёй сям’і не стане самым старэйшым.

У той час як афіцэры пасля кожнага глытка пракліналі прадпрымальнага яўрэя, Швейк сядзеў ужо ў канцылярыі батальёна, дзе не было нікога, апрача вальнапісанага Марака. Ён як гісторык батальёна выкарыстаў затрымку каля Золтанца, каб на запас апісаць некалькі пераможных баёў, якія, несумненна, адбудуцца ў недалёкім будучым.

Пакуль што ён рабіў накіды, і да таго часу, як увайшоў Швейк, паспеў запісаць: «Калі перад нашым духоўным поглядам праходзяць усе гэтыя героі, удзельнікі баёў за вёску N, дзе плячо ў плячо з нашым батальёнам змагаўся адзін з батальёнаў N-скага палка і другі батальён N-скага палка, мы ўбачым, што наш N-скі батальён праявіў найвыдатнейшыя стратэгічныя здольнасці і бясспрэчна садзейнічаў перамозе N-скай дывізіі, задачай якой было канчатковае замацаванне нашай пазіцыі на N-скім участку».

– Ты бачыш, – сказаў Швейк вальнапісанаму, – я зноў тут.

– Дай я цябе абнюхаю, – сказаў расчулены вальнапісаны Марак. – Гм, ад цябе сапраўды пахне крыміналам.

– Як звычайна, – згадзіўся Швейк, – трапілася адно маленькае непаразуменне. А ты як маешся?

– Як бачыш, – адказаў Марак, – увасабляю на паперы гісторыю гераічных абаронцаў Аўстрыі, але неяк у мяне адно з адным не вяжацца, усё толькі N ды N. Гэтая літара дасягнула незвычайнай дасканаласці ў цяперашнім часе і дасягне яшчэ большай у будучым. Апрача вядомых ужо здольнасцей, капітан Сагнер знайшоў у мяне незвычайны матэматычны талент. Мне даручана кантраляваць усе рахункі батальёна і пакуль што я прыйшоў да вываду, што батальён абсалютна пасіўны і толькі чакае выпадку, каб прыйсці да згоды са сваімі рускімі крэдыторамі, бо і пасля паражэння, і пасля перамогі крадуць без ліку. Зрэшты, гэта ўсё роўна. Нават калі нас разаб’юць ушчэнт, – вось тут дакументы аб нашай перамозе, бо мне як гістарыёграфу нашага батальёна дадзена ганаровае заданне напісаць: «I салдаты зноў рынуліся на непрыяцеля, які ўжо лічыў, што перамога на яго баку. Напад нашых воінаў і штыкавая атака былі справай адной хвіліны. Непрыяцель у роспачы ўцякае, падае ва ўласныя акопы. Мы колем яго без літасці, так што ён у бязладдзі пакідае іх, кінуўшы ў нашых руках параненых і непараненых палонных. Гэта адзін з найслаўнейшых момантаў». Той, хто ўсё гэта ператрывае, пашле дадому па палявой пошце ліст: «Атрымалі па азадку, дарагая жонка! Я здаровы. Ці адняла ты ад грудзей нашага свавольніка? Толькі не прывучай яго называць «татам» чужых, бо мне гэта было б вельмі крыўдна». Цэнзура потым выкрэсліць з ліста «Атрымалі па азадку», бо невядома, хто атрымаў, гэта можна па-рознаму зразумець, невыразна сказана.