Светлый фон

– Галоўнае – выказвацца зразумела, – уставіў Швейк. – У 1912 годзе ў Празе ў святога Ігнацыя служылі місіянеры. I быў сярод іх адзін прапаведнік, дык ён казаў з кафедры, што, пэўна, ні з кім на небе спаткацца не давядзецца. На той вячэрняй імшы быў бляхар Кулішак. Пасля той службы прыйшоў ён у карчму і кажа, што той місіянер, відаць, моцна напракудзіў, калі ў касцёле, як на адкрытай споведзі, абвяшчае, што на небе ён ні з кім не спаткаецца. Дык навошта такіх людзей пускаюць на кафедру? Трэба гаварыць заўсёды выразна і зразумела, без усякіх хітрыкаў і недамовак. «У Брэйшкаў» шмат гадоў назад працаваў адзін кладаўшчык, у якога была звычка: вяртаючыся дамоў пад мухай, ён заўсёды заходзіў у адну начную кавярню і там браў чарку з незнаёмымі наведнікамі. Заўсёды, чокаючыся, ён прыгаворваў: «Нам на вас, вам на нас…» За гэта ён аднаго разу атрымаў ад аднаго прыстойнага пана з Йіглавы такую зубатычыну, што калі назаўтра гаспадар кавярні вымятаў яго зубы, то паклікаў дачку, вучаніцу пятага класа, і спытаў, колькі зубоў мае дарослы чалавек. Тая гэтага не ведала, дык ён выбіў ёй два зубы, а на трэці дзень атрымаў ад кладаўшчыка ліст. Той прасіў прабачэння за ўсе непрыемнасці, якія ён прычыніў, і тлумачыў, што ён не хацеў сказаць нічога непрыстойнага, што яго не так зразумелі, бо ён хацеў толькі сказаць: «Нам на вас, вам на нас крыўдаваць не варта». Хто гаворыць двухсэнсоўнасці, спачатку павінен іх абдумаць. Шчыры, адкрыты чалавек, які што думае, тое і гаворыць, рэдка атрымлівае па мордзе. А калі ўжо атрымае некалькі разоў, то ўвогуле стане больш абачлівы і на людзях лепей будзе трымаць язык за зубамі.

– А ты ніколькі не змяніўся, – сказаў Швейку вальнапісаны.

– Не змяніўся, – адказаў Швейк. – Не меў на тое часу. Мяне нават хацелі расстраляць, але і гэта не самае горшае, вось бяда, што я з дванаццатага гэтага месяца не атрымаў жалавання.

– У нас ты яго цяпер не атрымаеш, бо мы ідзём на Сакаль і жалаванне будуць выдаваць аж пасля бою. Трэба эканоміць. Калі ўлічыць, што там здарыцца за два тыдні, то на кожным забітым салдаце разам з надбаўкамі сэканоміцца чатыры кроны семдзесят два гелеры.

– А што яшчэ новага ў вас?

– Па-першае, недзе згубіўся наш ар’ергард, а, па-другое, закалолі свінню, і з гэтай нагоды афіцэры ладзяць у святаровым доме пагулянку, а салдаты распаўзліся па вёсцы і распутнічаюць з мясцовым жаночым насельніцтвам. Да абеду звязалі аднаго салдата з нашай роты за тое, што лез на гарышча за сямідзесяцігадовай бабкай. Ён не вінаваты, бо ў загадзе не сказана, да якога веку гэта дазваляецца.