Светлый фон

Устаўшы ад піяніна пасля ўсіх гэтых вышыняў вакальнага майстэрства, яна зноў села поруч са мной; тады я ў самых узнёслых выразах выказаў ёй маю ўзнесенасць, маё захапленне канцэртам. Я не сказаў нічога пра сваё здзіўленне, і ўсё ж я быў вельмі і вельмі здзіўлены: пры звычайнай размове яе голас быў слабаватым і як бы крыху дрыжэў, што не дазваляла мне чакаць ад яе вялікіх вакальных здольнасцяў.

З гэтага моманту пацякла доўгая, шчырая, сур’ёзная і бесперапынная размова. Яна прымусіла мяне закрануць многія эпізоды майго ранняга дзяцінства; слухала яна з глыбачэзнай увагай, не прапускаючы ні слова. Я апавёў усё, адчуваючы, што гэта мой абавязак – апавесці ўсё, нічога не ўтойваць ад яе давяральнага спачування. Падбадзёраны яе ўласнай шчырасцю што да далікатнага пытання ўзросту, я з вартай пахвалы адкрытасцю спыніўся не толькі на сваіх кепскіх звычках, але пералічыў усе свае маральныя і нават фізічныя недахопы; такія прызнанні патрабуюць вялікай мужнасці, а таму ёсць найлепшым доказам кахання. Я згадаў свае студэнцкія гады – дзівацтвы, гулянкі, даўгі і інтрыжкі. Я зайшоў так далёка, што прызнаўся ў лёгачным кашлі, які пэўны час нязначна турбаваў мяне, у хранічным рэўматызме, у спадчыннай схільнасці да падагры і, нарэшце, у непрыемнай і нязручнай ніцавокасці, якую, тым не менш, дагэтуль мне ўдавалася ад усіх утойваць.

– Што да апошняга, – сказала мадам Лаланд, смеючыся, – вы дарма зрабілі такое прызнанне, бо без яго ніводная душа, клянуся, не западозрыла б вас. Дарэчы, – працягнула яна, – ці памятаеце вы, – і тут яна пачырванела так, што нават змрок пакоя не змог схаваць полымя яе шчок, – ці памятаеце вы, mon cher ami,[95] пра аптычную прыладу, якая вісіць вось тут, на маёй шыі?

mon cher ami

Гаворачы, яна круціла ў пальцах той самы двайны ларнет, які так збянтэжыў мяне ў оперы.

– О, я надта добра яе памятаю! – ускрыкнуў я, жарсна паціскаючы пяшчотную ручку, якая прапаноўвала мне ларнет. Гэта была складаная і раскошная цацка, багата дэкараваная разьбой, філігранню і каштоўнымі камянямі; нават у слабым асвятленні было бачна, наколькі высокай можа быць іх цана.

– Eh bien! mon ami,[96] – працягнула яна з некаторай настойлівасцю, якая мяне нават здзівіла. – Eh bien, mon ami, вы патрабуеце ад мяне дар, які самі называеце бясцэнным. Вы патрабуеце, каб заўтра я стала вашай жонкай. Калі я пайду насустрач вашым угаворам і, дадам, памкненням маёй душы, ці змагу я атрымаць права на маленькую, зусім маленькую паслугу з вашага боку?

Eh bien! mon ami Eh bien, mon ami

– Якую паслугу? – усклікнуў я з імпэтам, які амаль прыцягнуў да нас увагу кампаніі, наяўнасць якой толькі і ўстрымала мяне ад намеру кінуцца да яе ног. – Якую паслугу, мая каханая, мая Эжэні? Якую паслугу? Лічыце, яна ўжо выкананая!