Пасля самой развязкі – калі крумкач адказаў «Nevermore» на апошняе пытанне закаханага пра тое, ці сустрэне ён сваю каханую ў іншым свеце, – верш, на гэтай відавочнай стадыі простага аповеду, можа лічыцца скончаным. Пакуль што ўсё ў межах вытлумачальнага, рэальнага. Крумкач, што вывучыў на памяць адно-адзінае слова nevermore і пакінуў свайго гаспадара, сярод начной непагадзі шукае прытулку і спрабуе трапіць у акно, дзе яшчэ гарыць святло, – акно пакоя кніжніка, які напалову заглыбіўся ў чытанне, напалову – у мары пра сваю памерлую каханую. Калі на лопанне крылаў акно адчыняюць, птушка сядае на самае зручнае для яе месца, недасяжнае для кніжніка, які, здзіўлены такім выпадкам, а таксама незвычайным выглядам госця, жартам пытае, не чакаючы адказу, пра яго імя. Крумкач па звычцы адказвае «Nevermore», і слова гэтае адразу знаходзіць водгук у маркотным сэрцы кніжніка, які, выказваючы свае думкі, зноў уражаны тым, што птушка паўтарае «Nevermore». Кніжнік пачынае разумець, у чым справа, аднак ім рухаюць, як я ўжо згадваў вышэй, уласцівая людзям прага да самакатавання і часткова забабоны, і ён задае птушцы такія пытанні, што, пачуўшы чаканы адказ «Nevermore», можа з асалодай усё глыбей апускацца ў бездань пакуты. І калі ён дасягае ў самакатаванні самага дна гэтае бездані, аповед у тым, што я назваў яго першай і відавочнай стадыяй, самым натуральным чынам заканчваецца, не пераступаючы межаў рэальнасці.
Але прадметы, трактаваныя такім чынам, хай сабе апісаныя вельмі таленавіта ці ўпрыгожаныя надзвычай яркімі падзеямі, заўсёды застаюцца ў пэўным сэнсе аголенымі і шурпатымі, і гэта рэжа вока мастака. Абавязкова павінныя прысутнічаць дзве рэчы: першая – гэта пэўная складанасць, дакладней, старанная апрацоўка, другая – гэта пэўная недагаворанасць, падводная плынь, прыхаванасць. Апошняе асабліва надае мастацкаму твору тое багацце (калі ўжыць размоўны выраз), якое мы часта блытаем з ідэалам. Менавіта збыткоўнае праясненне сэнсу, вывядзенне тэмы на паверхню, замест таго каб пакінуць яе ў якасці падводнай плыні, ператварае ў прозу (прычым самую няякасную) так званую паэзію так званых трансцэндэнталістаў*.
Трымаючыся такіх поглядаў, я дадаў да верша два заключныя слупкі – і іх недагаворанасць пранізвае ўвесь папярэдні аповед. Падводная плынь сэнсу ўпершыню паказваецца на паверхні толькі ў гэтых радках:
Можна заўважыць, што словы «пекла вогненны ашчэр» з’яўляюцца першым метафарычным выразам у вершы. Яны, разам з адказам «Nevermore», схіляюць да пошуку маралі ва ўсім расказаным вышэй. Чытач пачынае разглядаць крумкача як сімвал, аднак толькі ў самым апошнім радку робіцца відавочным намер ператварыць яго ў сімвал скрушных і бясконцых успамінаў: