Італьянцы з Поўначы гавораць: „Мілан працуе, Рым спажывае, Неапаль спявае, Сіцылія спіць”. Жыхары Поўначы гавораць пра землякоў з Поўдня: гароні — гэта тыя, хто корпаецца ў зямлі. Тыя ж, што жывуць на Поўдзень ад Рыма, таксама ўмеюць сплаціць доўг. Палента — памятаеце, гэта кукурузная каша — такую мянушку яны прыдумалі суседзям.
Мы ехалі ў напрамку да Мілана. Спачатку — ў Фларэнцыю. І Поўдзень са ўсімі сваімі праблемамі, пра якія, дарэчы, у сваю пару распавёў мастацкую размову Лукіно Вісконці ў фільме „Рокко i яго браты”, дык вось Поўдзень застаецца там, у нас за спіной.
А мы нібыта глядзім прыгожы відавы фільм. Італійскія пагоркі... Хараство. I „другая прырода” — паводле Гегеля. Арв'ета — горад на скале. Спраўджанае майстэрства дойлідаў Сярэднявечча выкарыстоўваць ландшафт у сваіх задумах. Ці то пабудовы — працяг скалы, ці то наадварот. Хаця — Арв’ета пабудаваны на месцы старажытнага селішча этрускаў.
A ўвогуле ў Італіі шмат паселішчаў, дзе засталася структура гарадоў Старажытнага Рыма: квадраты вуліц, i пераважна лагчына.
Уздоўж аўтастрады — гарады. Згадваеш з удзячнасцю Арэа дэль Соль, едучы па Нямеччыне, дзе аўтабаны — бездакорная дарога i дзве высачэзныя глухія сцяны з двух бакоў. Шэрыя, цьмяныя. Едзеш, як у тунэлю. Затое, мабыць, зручна жыхарам гарадоў побач з аўтабанам.
I — не ведаю, як італьянцам, але нам Дарога Сонца падабалася. Назвы — нібыта пазыўныя вякоў. Гарады, пра якія ў нас традыцыйныя ўяўленні. Крэмона — горад, які ўславіў сябе скрыпкамі вялікага майстра Страдывары. Перуджа... Нашы гіды тут адразу арыентавалі нас на сучаснасць: лепшыя цукерачныя вырабы, унівсрсітэт замежных студэнтаў. У тым годзе, калі мы праязджалі каля яго — самы багаты горад Італіі па колькасці даходаў на душу насельніцтва.
Санта-Крочэ — тут займаюцца вырабам камп’ютэраў. Модэна - вядомая тым, што тут школа карабінераў (афіцэрская школа). Карабінеры — італьянская жандармерыя.Частка карабінераў нясе службу на аўтамабілях, частка — конна. У гэтым жа горадзе — заводы фірмы „ферары”.
Hiна Аляксандраўна i Анна-Ліза адказваюць на нашы пытанні. Часам не адразу, але абавязкова.
...Анна-Ліза, нязмушана дэманструючы нам свой класічны профіль i не менш класічны фас, распавядае, што ў Італіі існуюць тры віды жылля. Хату або кватэру можна купіць, можна арэндаваць, ёсць i муніцыпальная ўласнасць. Кошт арэнды ў невялікіх гарадах разоў у пяць меншы, як у Мілане або Рыме. Рост кошту арэнды абмежаваны ўладай, таму ўладальнікам жылля часам не выгадна працягваць кантракты, i яны аддаюць перавагу куплі-продажу, але часцяком бывае так, што ў дакументах фігуруюць адны лічбы, а кошт будынка зусім іншы.