Светлый фон

У момант напісання эсэ, паводле дэкларацый дзяржаўных кіруючых асоб, павінны быў наступіць ледзь не ўсеагульны мір на планеце Зямля, a сённяшняя рэчаіснасць сведчыць зусім пра іншае: лакальныя войны, тэрарызм у шырокіх маштабах, бунты i закалоты ў самых, здавалася б, спакойных i ўладкаваных краінах Еўропы. Ну, a ў нас, у роднай краіне Беларусь, постфактум i дэ-факта , да ўсяго дадалося ў самым горшым варыянце занядбанне карэннай, сваёй мовы... I не толькі...

Ну, а вяртаючыся ў Італію... Там было рознае... На адной з сустрэч адзін з яе актыўных арганізатараў Рудольфо Курці, што некалі вучыўся ў Маскве i ведаў Саюз не паводле кніг, давёў: вы хочаце жыць, як мы. Дарэчы, кіраўнік групы падчас гаворкі адразу апынуўся побач, некага адпіхнуў, некага адсунуў: камандзёр, як яго называла наша Анна-Ліза, сімпатычна кантамінуючы словы камандзір i командор. Але сіньёр Курці адразу перапыніў нашага начальніка: „Я хачу гаварыць з гэтымі жанчынамі, а не з вамі”. Мы былі ўдзвюх з журналісткай з Эстоніі.

Камандзёр пайшоў шукаць суцяшэння неўнармаванымі дозамі напояў Эміліі-Раманьі. (1987 год — разгар антыалкагольнай гарбачоўскай кампаніі.) Не стрымаюся, каб не згадаць, як падчас наведвання фірмы „Рыніта” (вытворчасць він) гэты ахоўнік палітычнай надзейнасці па-гаспадарску прыхапіў з сабой падарунак, зроблены ўсёй трупе: цэлую скрыню трохсотграмовых бутэлечак лёгкага віна з рознымі напаўняльнікамі з садавіны.

Зноў нагадаю — асабіста для мяне паперадзе ўсяго — Дзяржава Божая: Civitas Dei. Што датычыць астатняга — ўсё адносна. A справядлівасць, законы Божыя — вечныя.

Менавіта паводле гэтых законаў цікавіла мяне вандроўка. I яе пуцявіны.

 

Area del Sol

Area del Sol

Дарога Сонца — Area ciel Sol. Галоўная магістраль Італіі. Дзяржаўная аўтастрада, але платная. Аплата — ў залежнасці ад працягласці маршруту i цыліндроўкі машын.

Мы ехалі з Рыма па Паўночнай Італіі. Менавіта гэтая Італія займае сваё месца сярод сямі самых развітых краін свету. Менавіта тут — Фларэнцыя, Венецыя, Верона, Перуджа, Сіена, Парма, Балонья, Мілан... Паўночная i Паўднёвая Італія - гістарычна, эканамічна, сацыяльна — па сутнасці, дзве розныя краіны. Самі італьянцы гавораць: на Рыме заканчваецца Італія, пачынаецца Поўдзень. Сам Рым — у вобласці Лацыё. Поўнач: вядомыя нам Умбрыя, Таскана, Лігурыя, П’емонт, Эмілія-Раманья, Ламбардыя. Усё, што мы ведаем пра Італію па кнігах, па гісторыі, датычыць у асноўным Поўначы. Поўдзень: Кампанья, Базіліката, Апулія, Сіцылія, Сардынія. Гэта тое, што старэйшыя пакаленні ведаюць па фільмах неарэалістаў.