Светлый фон

— Дык сіганём праз яе.

Неўзабаве перайшлі мост праз нейкую рэчку і пакрочылі па забудаванай з двух бакоў вуліцы, якая была вельмі вузкай і рабіла ладнае паўкола на вялікай вёсцы. Снег, што ляжаў на дарозе, быў шэры, амаль чорны, у многіх месцах перамешаны з балотам.

Крочылі дастаткова хутка. Справа і злева ў нізкіх вокнах пахілых хацін, якія прытуліліся каля дарогі, бліскалі невялікія жаўтаватыя агеньчыкі. Праз некалькі крокаў вуліцу перарэзвалі прастакутнікі святла ад вокнаў. Дзе-нідзе на падворках гучалі людскія галасы. Пераважна напятыя, узбуджаныя ад злосці. У асноўным чуліся кленічы.

У пэўным месцы Кручок падышоў да плота і вырваў адтуль кол. Мусіць, таму зрабіў гэта, што наперадзе заўзята брахалі сабакі. Каро ўжо не бег уперад, а трымаўся побач. Прайшлі яшчэ некалькі хат. На сярэдзіне вёскі акружылі нас сабакі і, кідаючыся пад ногі, пачалі ўядаць. Кручок ударамі кала разагнаў іх, і тыя, зацята брэшучы, беглі на адлегласці за намі. Каро спакойна трымаўся наперадзе. Тады з брамы нейкага двара паказаліся дзве постаці. Калі ж мы падышлі бліжэй, нас асвяціў кішэнны ліхтарык. Прагучаў голас:

— А вы куды?

— Цябе гэта не датычыць! — адказаў Кручок.

— Я сакратар Волисполкома.

— Вось і добра. Ідзі да свайго Волисполкома і кладзіся спаць, бо ты п’яны.

— Што-о?

— Нічога. Сыдзі з дарогі!

Кручок хацеў прайсці міма, але сакратар схапіў яго за левую руку. У той жа момант Кручок агрэў таго палкай, а Каро кінуўся да сакратаровага горла. Другі мужчына хацеў уцячы, але я падставіў нагу, і ён пакаціўся ў балота. Кручок дабавіў ім калом. Вуліца ажыла крыкамі. Здалёк даляталі галасы людзей. Пакінуўшы на зямлі тых двух, мы, спяшаючыся, рушылі далей, а яны пачалі крычаць:

— Трымай іх! Трымайце!

— Зладзеі! Бандыты! Трымайце!

У цемры гучалі крыкі людзей, якія беглі ў наш бок. Пасвяціўшы ліхтарыкам, я ўбачыў больш дзесятка мужыкоў з каламі: яны гналіся за намі.

— Ану, пальні пару разоў, каб пачулі! — вымавіў Кручок.

Я стрэліў некалькі разоў угару. Данёсся яшчэ мацнейшы тупат ног, аднак зараз ён не набліжаўся, а хутка ўсё больш аддаляўся.

— Навыперадкі панесліся! — прамовіў Кручок.

Мы, спяшаючыся, пакрочылі далей. За вёскай збочылі з дарогі і палямі накіраваліся ўперад. Кручок лічыў, што сакратар Волисполкома пазвоніць у наступную вёску, якая ляжала ля тракта і дзе раскватараваўся «заградительный отряд». Там маглі б наляцець на засаду ці аблаву.

Зноў пачалася цяжкая бясконцая дарога палямі. Асабліва дрэнна ішлося ворывам, умёрзлую зямлю зверху яшчэ пакрывала ледзяная абалонка, на якой нага не магла адшукаць надзейнай апоры. Праз значны кавалак часу мы ўсё ж ўзбіліся на дарогу і па ёй прайшлі каля пяці кіламетраў. Потым, звярнуўшы направа, палямі дабраліся да лесу.