Светлый фон

Наведванні маёй каханкі працягваюцца далей. Кожны вечар з нецярпеннем чакаю яе прыходу. Гэта адзіная асалода майго побыту на хутары, і, калі б не яна, даўно б уцёк адсюль. Дарэчы, нават гэта мяне не задавальняе… Чаму так зацята маўчыць?.. Усё працягваецца ўжо трэці месяц! Аднак яна не робіць захадаў для свайго апазнання. Калі ж гэтага не хоча, то хай застаецца так надалей. Можа, яно і да лепшага!..

У другой палове сакавіка з захаду падзьмулі цёплыя вятры. У паветры адчувалася вясна. Мой сум памацнеў. Узбуджаны, хадзіў па хутары. Знікла ахвота да працы. Крочыў да недалёкага лесу і праставаў па цаліку куды вочы глядзяць. Зрэдку пракрадаўся лясамі да граніцы і са схованкі назіраў за стражнікамі, якія пахаджвалі пагранічнай паласой. Пасля вяртаўся на хутар.

Пачаў пакрыёма піць гарэлку, якую Сымон у таямніцы ад усіх прыносіў для мяне з недалёкай вёскі ад селяніна, які нелегальна гандляваў гарэлкай.

Аднойчы з пляшкай гарэлкі ў кішэні накіраваўся ў лес. Вельмі далёка адышоў ад хутара. Дахаты вярнуўся пад вечар. Якая ж гэта была радасць, калі ў пакоі ўбачыў Лорда. Шчаслівы, прывітаўся з сябрам і пачаў распытваць пра навіны. Вельмі доўга размаўлялі. У нейкі момант Лорд запытаўся:

— He абрыдла табе тут?

— О, не кажы, вельмі! — адразу адгукнуўся я.

— Ну, калі пажадаеш, дык ёсць работка. Акурат для цябе. Трохі таго… рызыкоўная, але заробак добры.

— Што за работа? — запытаўся ў яго.

— «Фігуркі» вадзіць…

Лорд сказаў, што Кручок шукае сабе кампаньёна — надзейнага і смелага хлапца, які разам з ім мог бы пераводзіць праз граніцу ўцекачоў з Саветаў. Яго папярэдні «супрацоўнік» папаўся разам з таварам у Менску, калі рашыў адведаць сваякоў, і апынуўся ў Чрэзвычайцы (зараз ГПУ). Пра Кручка ўжо казаў раней, як некалі на вечарынцы ў Сашкі ён разбіў бутэлькай галаву Альфрэду за тое, што той гуляў пазначанымі цынкам стыркамі.

Я з радасцю пагадзіўся з прапановай Лорда. Прываблівала не толькі перспектыва добрага заробку, але і новая цікавая праца… Кручок жа быў вядомы сярод перамытнікаў як хлопец з «характарам», з ім нароўні сябравалі і найслынныя местачковыя «варавы», і «старыя завадатары».

У тую ноч Лорд не вярнуўся ў мястэчка, а застаўся ў Даўрыльчукоў. Пад час вячэры аб’явіў усім, што раніцою я адыходжу ў мястэчка.

— Надоўга? — запытаўся Сымон.

— Невядома… Магчыма, назаўсёды…

— Хіба не дагадзілі чым-небудзь? — адгукнуўся Мацей.

Я рашуча запратэставаў:

— Ніякай крыўды ад вас не меў. I буду заўсёды прыгадваць вас усіх добрым словам!

— Што ж рабіць, ваша воля! — прамовіў Мацей — Як трэба будзе, прыходзьце зноў. Выгод у нас няма, але хлеба не бракуе.