Светлый фон

— Так. Каро лепш ведае пагранічча, чым я. На яго можна пакласціся. Трэці год разам працуем.

Пачуўшы сваё імя, сабака падбег да нас, спыніўся і зірнуў у вочы гаспадару.

— Ідзі наперад! — загадаў перамытнік.

Сабака зноў пабег, апярэджваючы нас на дзесятак крокаў. Выйшлі на ўскраек лесу. Я ўбачыў вялікую адкрытую прастору. У трох кіламетрах адсюль была граніца, а крокаў за 200 праходзіла дарога, што вяла з Волмы да Ракава.

Селі на павалены камель дрэва і чакалі змяркання. Выпілі бутэльку гарэлкі, закурылі папяросы. Калі згусцелі сутонні, мы павольна пакрочылі палямі ў напрамку граніцы. Моцна нашмараваныя шкіпінарам боты не прапускалі вільгаці.

Непадалёку ад граніцы адпачывалі і прыслухоўваліся больш дзесяці хвілінаў… Каро пабег наперад. Мы пайшлі за ім. Снег, уціснуты падэшвамі нашых ног, глуха рыпеў. Стараліся не ставіць ногі проста зверху, а расстаўляць, слізгаючы, наўскасяк, ступаком зверху ўніз. Тады таўшчыня снегу пад ботамі рабілася танчэйшай і менш мокрай, а, рухаючыся наперад, мы менш шаргаталі.

Хутка апынуліся на граніцы. Гэта адразу распазналі па шматлікіх слядах, якія перамервалі снегавую бель з поўдня на поўнач і ў адваротным напрамку.

Дарога была цяжкой. Перашкаджала бясконцае правальванне і даставанне ног з глыбокай снежнай кашы. У адным месцы Кручок затрымаўся. Падышоў да яго.

— Што такое?

— Хочаш рызыкнуць? — замест адказу запытаўся Кручок.

— Дзеля чаго?

— Калі хочаш рызыкаваць, дык можам пайсці па дарозе! Я адзін часта хаджу дарогамі.

— Добра, — адказаў. — Хадзем дарогай.

— А калі нарвецца на нас які д’ябал, то…

Кручок махнуў у паветры наганам.

Хутка выбраліся на тракт. Ён быў увесь у калдобінах і выбоінах ад конскіх слядоў. Часта яго перасякалі шырокія лужыны. Аднак крочыць тут было значна лягчэй, чым пнуцца палямі. Хоць ногі не правальваліся ў снег. Праўда, было вельмі слізка.

Здалёк я прыкмеціў агні нейкай вёскі. Да нашых вушэй далятаў сабачы брэх. Кручок спыніўся.

— Пройдзем праз вёску ці абыдзем навокал?

— Ці ёсць там масалкі?

— Няма… Раней не было…