Светлый фон

Каля чацвёртай гадзіны ўранку наблізіліся да адзінокага хутара. Кручок пусціў сабаку наперад, і мы паціху пачалі сунуцца ў кірунку будынкаў. Нішто не сведчыла пра наяўнасць чужых людзей. З рэвальверамі ў руках падкраліся да вакна, якое выходзіла на дарогу і не было зачынена ваканіцамі. Кручок пасвяціў туды ліхтарыкам. Паміж белай фіранкай і рамамі я ўбачыў вазон герані — знак таго, што на хутары ўсё ў парадку і нікога няма.

Кручок пастукаў у шыбу; Доўга ніхто не адгукаўся. Калі ж праз некалькі хвілін ён пачаў настойліва ляпаць, з сярэдзіны даляцеў жаночы голас:

— Чаго трэба? Хто там?

— Адчыняй, Стася, — прамовіў у адказ Кручок.

— Чакай! Ужо!

— Можаш не апранацца, і так цябе пазнаю!

— Разумнік! — даляцеў праз шыбіны голас.

Праз хвіліну адсунулі ўбок фіранку, а з падваконніка знялі вазон. Кручок спрытна ўскочыў на тое месца і праз вакно залез у хату. Я зрабіў па яго прыкладу. Хлопец паклікаў сабаку, і Каро таксама праз вакно ўскочыў у сярэдзіну памяшкання. Гэта была кухня. Нейкі час мы стаялі ў цемры. Стася выбегла з хаты і зачыніла ваканіцу. Пры неабходнасці яе можна было адамкнуць з сярэдзіны. Стоячы ў змроку, недзе злева чую шэпт.

— Гэнюся не спіць? — вымавіў Кручок. — Можа, прыме мяне на печ, пагрэцца?.. На цёпленькія ножкі!..

— Ах ты, лайдак! Лезь сюды, зраблю табе цёплыя вушы. Бач ты, чаго яму захацелася… А малака!

Чую смех. Вяртаецца Стася і запальвае падвешаную над сталом лямпу. Левы бок кухні займае вялікая печ. З-пад завешанай угары доўгай узорыстай фіранкі затоена зіркаюць нечыя цікаўныя вочы.

Здымаем з сябе курткі, а пасля перавязы. Вымаем з кішэняў чатыры пляшкі спірытусу. Адчыняюцца дзверы, і на кухню, заплюшчваючы ад святла вочы і чухаючы клубы, заходзіць высокая мажная кабета гадоў 45. На ёй шырокі ружовага колеру халат і чаравікі на босую нагу. Гэта гаспадыня хутара — Мар’яна Зых — матка шасці дачок. На хутары не было мужчын, калі не лічыць дурнаватага парабка Ануфрыя, які быў аднаго ўзросту з гаспадыняй і ўжо больш дзесяці гадоў жыў тут. Яго трымалі як конюха і для вывазу з лесу дроў. Астатнюю працу па гаспадарцы рабілі ўласнымі сіламі, як казаў Кручок, «бабскай брыгадай». Зрэшты, гаспадарка была малая, і жанчыны даволі лёгка спраўляліся з ёй… Маці Кручка была далёкай сваячкай Мар’яны, пра што і казала: «сёмая вада на кісялі».

Мар’яна Зых трымала пункт, які знаходзіўся паміж Новым Дваром і Пятроўшчынай, на паўднёвым захадзе ад Менска. У горадзе спецыяльныя пасярэднікі шукалі людзей, якія б хацелі нелегальна перабрацца з Саветаў у Польшчу, і за добрую плату прыводзілі на пункт да Мар’яны, а адсюль Кручок перакідваў іх праз кардон. Ужо трэці год ён паспяхова займаўся гэтым, адначасова носячы кантрабанду.