— Навошта гэта зрабіў? — запытаўся ў мяне Сымон, паказваючы на вогнішча.
— Падумаюць, што мы тут затрымаліся, і будуць баяцца ісці ў лес!
— Твая праўда, — адказаў Сымон.
Пагоня была ўжо на палове дарогі да лесу і, страляючы, хутка пасоўвалася наперад. Спачатку мы накіраваліся ў глыб лесу, пасля павярнулі на поўдзень і, зрабіўшы вялікае паўкола, выйшлі на ўскраіну лесу за паўкіламетра ад таго месца, дзе пакінулі вогнішча. Адсюль мы выразна бачылі зялёнак, якія сунуліся палямі. Зараз разгарнуліся ланцугом і павольна крочылі наперад. Іх збівала з панталыку вогнішча. He разумелі, што гэта азначае… Спыніліся і пачалі біць залпамі ў напрамку лесу. Базыль рассмяяўся:
— Да раніцы так будуць забаўляцца… Каб ім толькі патронаў хапіла!..
Узлескам мы рухаліся на поўдзень, а потым на паўднёвы ўсход. Да нашых вушэй з усё большай адлегласці даляталі карабінавыя стрэлы. Я цешыўся са сваёй выдумкі.
Пасля дзвюх гадзін дарогі на поўдзень і паўднёвы ўсход Базыль нейкай лагчынай вывеў усіх на захад. Зараз, разумеючы, што браты ведаюць пра зброю, не хаваў рэвальвер так старанна, як раней, у рукаў кажуха.
Пад раніцу ў чатыры гадзіны мы перайшлі граніцу на паўднёвым захадзе, далёка за Волмай. Дахаты вярнуліся, калі пачало днець. У дарозе былі 13 гадзін. Ігнась ледзьве здолеў дайсці дахаты. Быў зусім знясілены, хоць рана не надта балела і мала крывавіла.
У хаце завіраваў рух. Запалілі ў печы. Гатавалі ваду. Пасля Мацей пачаў сам аглядаць Ігнатаву руку. Костка была цэлая. Куля прабіла толькі цягліцы.
За гадзіну ўсё спарадчылі: тавар быў пахаваны, а вопратку развесілі сушыцца каля печы.
Снедаючы, мы выпілі па шклянцы гарэлкі і наваліліся на яду. Калі скончылі, браты пачалі апавядаць пра нашу прыгоду. Падрабязна яе каментавалі. Моцна перабольшваючы «маю заслугу», апавядалі, як я двойчы затрымаў масалкаў… У хаце рабілася ўсё весялей. Калі расказвалі, як расклаў вялікае вогнішча, па хаце разляцеўся смех. Толькі Мацей уважліва, моўчкі слухае, а пасля ўрачыстым голасам кажа:
— Ну, сынкі, падзякуйце Уладзіку, што адбіў вас ад красных, можа, зараз ніводнага з вас не аглядаў бы тут! — на хвіліну спыніўся, а пасля, яшчэ больш паважна, прамовіў:
— А зараз паслухайце, якая будзе мая воля!..
Усе ўважліва пазіралі яму ў твар.
— За граніцу больш не пойдзеце!.. Ніколі!.. Не хачу дзеля золата губляць сыноў!.. Не шукайце лісіных скур, а пільнуйце лепей свае!.. Гэта мая воля!..
Ніхто яму не запярэчыў.
Ад таго часу браты больш не выбіраліся за граніцу, хоць і надышла для такіх вандровак адпаведная пара.
* * *
Мінае дзень за днём. Тыдзень сплывае за тыднем. Працягваю жыць на хутары. Дапамагаю ў працы. Не просяць пра гэта, але сам стараюся быць карысным для зычлівай да мяне сям’і. Зрэшты, працай забіваю сум, які ўсё больш надакучае. Такое становішча мне самому выдавалася вельмі непрыемным. Адчуванне, быццам назаўсёды зняволены. А магчымасць у любую хвіліну пакінуць гэты куток яшчэ больш спакушае мяне на тое. Жыве непераможнае жаданне развітацца з хутарам і вярнуцца ў мястэчка, дзе мог бы таксама добра схавацца і хадзіць за граніцу з групай Лорда… Акрамя таго, можа, зрэдку бачыў бы Фэлю і пагаварыў бы з ёй. Меркаваў, што пра той выпадак яна ўжо забылася.