He зважаючы на тое, што Лорд начаваў у адным пакоі і было досыць рызыкоўна, мяне ў апошні раз наведала мая маўклівая каханка. Была доўга, але і гэтым разам ані слова не прамовіла.
Раніцай, сардэчна развітаўшыся з Даўрыльчукамі, разам з Лордам пакрочыў у дарогу. Шмат разоў азіраўся на будынкі, што знікалі ўдалечыні і рабіліся ўсё самотней. Дзіўнае ты, сэрца чалавека: пакутуеш ад аднастайнасці, нудзяць цябе адны і тыя ж людзі, а калі пакінеш — пачынаеш сумаваць па іх.
Высока ў небе свяціла сонца. На дарозе таяў снег. У цёплым подыху паветра ўсё мацней адчувалася вясна. Мы бадзёра крочылі наперад і жвава размаўлялі на розныя тэмы. Лорд сказаў, што хлопцы зараз вельмі рэдка ходзяць за граніцу. Большасць спыніла работу да восені. Сонька разам з Ванькам Бальшавіком збегла з мястэчка. Іх бачылі ў Аляхновічах, як садзіліся ў цягнік, што адыходзіў на Вільню. Юрлін паехаў услед, сказаўшы, што заб’е і суку, і «кабяля». Некалькі хлапцоў з групы «дзікіх» папаліся ў Саветах.
Я заўважыў, што ўвесь час ідзём па дарозе ў напрамку Ракава. Лорд растлумачыў: хутар, на якім разам з маткай жыве Кручок, знаходзіцца ў трох кіламетрах ад мястэчка і схаваны ў вельмі зручным месцы, таму стане для мяне «мураванай мялінай».
Я запытаўся ў сябра, ці папярэдзілі Кручка, што буду з ім працаваць. Лорд расказаў, як учора размаўляў з ім пра гэта і што ўжо паабяцаў — калі я згаджуся на прапанову — прывесці мяне сёння на хутар.
He даходзячы кіламетры два да Ракава, Лорд звярнуў направа ў лес. Доўга крочылі напрасткі. Нарэшце апынуліся на ўскрайку вялікай паляны. У адным яе канцы, у засені з чарады елак, стаяла малая ўчарнелая хаціна. Да яе прытуліліся нейкія паветачкі і хляўкі.
Насустрач вылецеў вялікі чорны сабака і з заўзятым брэхам кінуўся нам пад ногі.
— Каро! Каро! Хадзі сюды!
З памяшкання выбег Кручок і адагнаў сабаку. Мы прывіталіся. Кручок выглядаў вельмі маладым… Ніхто б не падумаў, што гэта — стары, дасведчаны перамытнік і славуты праваднік фігурак. Пры гэтым ягоныя дзіцячыя блакітныя вочы ўсміхаліся, а ўвесь твар свяціўся смехам. Бегаючы па падворку і ганяючыся за сабакам, ён ствараў уражанне падлетка. Назіраючы за ім, пацяшаліся і мы. Лорд прамовіў:
— У гэтага заўсёды ўсюды гулі!
Пераступілі парог хаты Кручка. Невялікае памяшканне, складзенае з нядбала абчэсаных бярвенняў, выглядала змрочна. Непадалёку ад увахода стаяла вялікая печ. Левы бок хаты аддзяляла доўгая перагародка. Падлога была гліняная, сцены голыя, столь з круглякоў, цёмная, закураная. Аднак весялосць Кручка асвятляла пануры выгляд хаты.