У адным месцы Шчур спыняецца ў двух кроках ад сцежкі. Раптоўна прысядае. Робім, як ён. Напачатку я нічога не чую, але праз хвіліну да маіх вушэй далятаюць невыразныя гукі. Адразу не магу зразумець, што гэта. Пасля ўжо адрозніваю выразны шоргат ног аб зямлю… Гэта крочаць зялёнкі. Часам спыняюцца, пасля чаго пануе дзіўная, неспакойная цішыня… Зноў разносіцца шоргат… Бліжэй, бліжэй. Нечакана заўважаю цёмныя сілуэты, якія сцежкай павольна сунуцца да нас… Маўчым… Паціху падымаю рэвальверы ўгару, накіроўваю іх уперад… «Магу зрабіць з імі што захачу!.. У мяне напагатове 18 куль… Магу іх выстрэліць за некалькі секунд. Магу ператварыць гэтых двух стражнікаў у рэшата з мясам!»
Крочаць марудна, ляніва… Затрымліваюцца насупраць нас. Адзін злёгку кашлянуў. Тут жа пры іх знаходзіцца Шчур, які, калі б захацеў, мог бы схапіць іх рукой за шынялі. Яны, прыслухоўваючыся, стаяць хвіліну… Нічога не заўважыўшы навокал сябе, пакрочылі далей, цяжка ступаючы нагамі. Адчуваю да іх нешта накшталт літасці і пагарды.
Шолах крокаў усё больш аддаляецца ад нас. Шчур устае і падаецца наперад. Рухаемся за ім. Крочым без шуму — як цені, як здані. Мы спрытныя, дасведчаныя, прадбачлівыя, добра ўзброеныя, упэўненыя ў сабе… Прыемна працаваць у такіх умовах, з такімі сябрамі…
Дзіўлюся з гэтага вар’ята, Шчура. Думаў, што ён толькі здольны рабіць скандальныя забавы, а ён вядзе нас так асцярожна і ціха, што не знаходжу слоў, каб выказаць сваё захапленне. I адначасова дэманструе бравуровую адвагу. Напрыклад, другую лінію перайшлі па мосце, ніхто яго не ахоўваў. А калі б хто і быў там, дык заўважыў бы нас толькі перад сабой. А тады… Ці трэба пісаць — што адбылося б тады.
Чуем, што па дарозе едзе нейкі воз. Збочваем з тракту і спыняемся зводдаль купіны елак… Гэта не адзін воз, гэта цэлы табар. Едуць некуды ў бок граніцы — магчыма, на лясныя распрацоўкі на паграніччы.
Праз некалькі кіламетраў ад граніцы, абуўшы боты, рухаемся палявымі дарогамі і стараемся не звяртаць на сябе ўвагу. Досвіткам мы падыходзім да хутара Лёні. Нарэшце ўбачу яе. Так часта пра яе думаў, меркаваў калі-небудзь адведаць. Затрымаліся ў лесе, зводдаль ад хутара. Чакаем ўзыходу сонца.
Віднее ўсё больш. Зараз выразна бачым дарогу, якая вядзе на хутар і дзядзінец. Бачым, як парабак запрагае каня і выязджае ў поле. Пасля заўважыў, што дзеўка, рухаючы вялікі цэбар, пайшла ў хлеў. Паблізу ад хутара таксама не відаць чужых людзей.
— Я пайду… пагляджу… — кажу Шчуру.
— Добра… А калі што — сячы з комінаў і ўцякай да нас. Мы падтрымаем.
— Гіт.
Бяз ношкі хутка іду па дарозе да хутара. Выходжу на дзядзінец, пасля на ганак і ў сенцы. He вымаю з кішэні рук. Трымаю там зараджаныя і без забеспячальнікаў рэвальверы. З сенцаў заглядаю ў прыадчыненыя дзверы на чорную палову хаты. Бачу Лёню. Адвярнуўшыся ад мяне, мыецца ў вялікай мядніцы, пастаўленай на табурэце пасярод хаты. Намыленымі рукамі цярэ твар і шыю. Крадуся да яе. Лёня змывае вадой твар. Калі праз момант выпростваецца, хапаю яе аберуч рукамі і падымаю ўгару. Крыкнуўшы, яна вырвалася ў мяне з рук. Мядніца звалілася на падлогу. Разлілася вада.