Нізка нахіляючыся, Алінчукі адзін за другім залазяць у канал. Тады я моцна тройчы тузаю аборкай, і Шчур ускоквае на ногі. Зрабіўшы некалькі скокаў, знікае за насыпам. З нашага боку Грабар скокнуў уніз, а я збег за ім.
Амаль адначасова каля двух выйсцяў бліснулі электрычныя ліхтарыкі. Залілі сцены яркімі праменнямі. У той жа момант прагучаў спакойны, халодны, упэўнены ў сабе голас Грабара:
— Ручкі ўгору!.. Раз, два!.. I ані мур-мур! Першая катэгорыя!
«Ого! — чамусьці падумаў я. — Дык вось ты які!»
Грабар засвяціў свой ліхтарык і з бліскучым нажом у правай руцэ пайшоў, нахіліўшыся ўперад. Шырока расхінуўшы курткі, каб закрыць выйсце з канала, я са Шчурам усцяж свяцілі ўсярэдзіну. Рабілі так, каб не было здалёк відаць бляску ліхтарыкаў.
Грабар абшуквае першага з краю. Пазнаю Альбіна. З яго кішэні Грабар выняў рэвальвер, запасныя магазіны і нешта яшчэ, што здалёк я не мог заўважыць. Усё гэта ён хавае ў свае кішэні. Потым аглядае наступнага — Адольфа. Таксама ўсяго абмацвае, выварочвае кішэні і забірае зброю. Наступны быў Альфонс. За ім Амброжык. I, нарэшце, Альфрэд. Перамытнік нешта сказаў Грабару. Я не пачуў што. У адказ прагучаў голас Грабара:
— Якім правам?.. А гэткім, што мне так падабаецца! Разумееш?.. А як захочацца — выб’ю табе зубы альбо во — «касу» ў бок заганю! «Понял»?
Грабар скончыў абшукваць Алінчукоў. Пасля загадаў ім:
— Скідайце ношкі! Хутка, бо я падганю!
Зараз ужо Грабар трымаў у левай руцэ ліхтарык, а ў правай зараджаны парабелум, які забраў у Альфрэда. Браты скінулі з плячэй ношкі. Тады Грабар голасна загадаў:
— А зараз марш за граніцу! Гуськом… Адзін за другім… Я буду ззаду… хто азірнецца, атрымае пілюлю для ачышчэння сумлення… Вылазь!.. Пайшлі!.. Першая катэгорыя!
Шчур, пагасіўшы ліхтарык, адсланіў ім выйсце. Алінчукі вылезлі па адным і накіраваліся ў поле. Грабар пакрочыў за імі. Шчур забраўся ў канал і пачаў выкідваць адтуль ношкі. Яны былі дастаткова цяжкія. Я пачаў іх звязваць па дзве зараз. Дзве Грабару, дзве мне, а Шчуру, які быў слабейшы за нас, пакінуў адну ношку.
— Мурова ён іх апрацаваў! — шэптам сказаў я Шчуру.
— Гэта старая фірма! Жыган! Ведаю, каго да такой работы браць!.. Такіх, як ён, на паграніччы мала!
Хутка пачуліся лёгкія крокі, і з насыпу збег Грабар.
— Дзе ты іх пакінуў? — запытаўся Шчур.
— Паўкіламетра іх вёў. Можа, да самай граніцы… Я тут мясцін не ведаю… А пасля паціху ўзад, узад… Як я петру, да самай Масквы памаршыруюць: думаюць, што крочу следам…
Мы вярнуліся на мяліну. На падстрэшшы пры свеце ліхтарыка Грабар пачаў выкладваць адабраныя ў Алінчукоў рэчы. Там было 5 рэвальвераў: тры парабелумы і два наганы, 5 ліхтарыкаў, шмат набояў і запасных абоймаў. Акрамя гэтага — некалькі партманетаў. Шчур пачаў іх правяраць. Там было шмат польскіх і савецкіх грошай, былі даляры і стэрлінгі. Ніякіх дакументаў не было. Асабістых пасведчанняў перамытнікі ў дарогу не бяруць.