Светлый фон

— Гэта я, Лёня!

Прыціскае рукі да сэрца і кажа:

— Як ты мяне напалохаў! Адкуль ты?..

— З-за граніцы… Надарыўся мне тавар. Хацеў цябе адведаць і прыйшоў з сябрамі.

— Колькі іх?

— Двое.

Лёня хуценька выцерлася ручніком і, адказваючы на мае пытанні, весела ўсміхалася і радасна бліскала вачыма.

— У цябе спакойна?

— Зусім… Зараз мяне не чапаюць… Напэўна, аднекуль ведаюць, што закрыла пункт.

— А мой тавар прадасі?

— Што б я для цябе толькі не зрабіла! He забыўся на мяне?.. Хадзі, прывітаемся!

Адкладвае ручнік на лаўку і абдымае за шыю. Пахне мылам і мятай. Цягне мяне за руку на другую палову хаты.

— Там хлопцы чакаюць! — кажу ёй.

— Хай трохі пачакаюць. Я цябе даўжэй чакала.

Потым іду ў лес і прыводжу сябраў на хутар. Лёня ўжо цалкам апранулася. Запрашае нас у пакоік за перагародкай, дзе мы звычайна камплектавалі ношкі. Зараз вымаем тавар і, раскладваючы яго па гатунках, лічым колькасць рэчаў.

— Калі нам Бамбіся піхне гэтыя цюкі? — пытаецца Шчур.

— Спяшаешся?

— Так, і форса патрэбна.

— Як хочаш прадаць: за золата ці за даляры?.. А можа, абмяняць на футра?

— Прадай за даляры.