— Калі так, дык назаўтра да вечара ўсё арганізую. Сёння не паспею. Мусіце пераначаваць у мяне.
— Каб нас тут не цапнулі.
— He цапнуць. Бо адкуль даведаюцца?
— А тады, Уладзік?
— «Тады»?.. Тады чакалі. Засыпаў вас хтосьці з местачковых хлапцоў, і Макараў зрабіў засаду… Чатыры дні чакалі.
Днявалі мы на гарышчы. Адсюль добра праглядаліся дарогі ва ўсе бакі і пры патрэбе можна было хутка ўцячы. Лёня днём паехала ў Менск, а вечарам пяць пераносчыц занеслі ўвесь тавар на месца. Я бавіў час у памяшканні, а сябры на падстрэшку.
— Сёння можам вярнуцца, — сказаў я Лёні. — Тавар перанеслі, і, напэўна, у цябе ёсць для нас грошы.
Лёню гэта абурыла.
— Чаго ты спяшаешся? Больш года не бачыліся, а табе карціць! Паспееш!.. Ёсць якая справа дома? Ну?
— Няма.
— Ну, дык заўтра пойдзеш. Грошы я таксама не ўсе атрымала. Раніцай забяру астатнія, з жыдамі было па-ўсякаму, а вам трэба манету на рукі даць!
— Так!
— Бачыш. Я ведаю, як зрабіць найлепей.
Хлапцы засталіся на гарышчы, а я правёў яшчэ адну ноч з Лёняй. Раніцою яна паехала ў горад. Вярнулася пасля палудня. Уважліва падлічыла кошт тавару і выплаціла нам 2950 даляраў. Я ўзяў з тых грошай 250 даляраў і даў ёй, кажучы:
— А гэта атрымай за сваю працу і пункт.
Яна весела рассмяялася.
— Які ж ты добры!.. А ты мне дай са сваіх грошай… з долі, а не з агульных.
— Добра, — адказаў я. — Дам табе палову з таго, што мне належыць, а калі хочаш, дык і ўсе!.. Грошы ў мяне ёсць.
Лёня з удаваным здзіўленнем ківае галавой.
— Глядзіце на яго, які багач! Але ты за мяне не хвалюйся. Я свае працэнты атрымаю ад жыдоў. А гэта вашае чысцяком. Калі хочаце за даляры ўзяць скуркі, дык заробіце яшчэ больш.