— Нам хопіць і гэтага заробку, — сказаў Шчур.
— He хочам лішніх клопатаў.
Падзялілі паміж сабой атрыманыя грошы. Вечарам, пасля моцнай вячэры, развіталіся з Лёняй і вырушылі назад.
— Калі яшчэ будзе тавар, дык прыходзьце! — наказала мне Лёня. — Я пункт цяпер не трымаю, але твой тавар заўжды прадам.
Ноч была цёплая. Прыемна было ісці палямі і лясамі без ношак за плячыма. Быў пярэдадзень нейкага свята. У вёсках дзяўчаты цягнулі беларускія песні. Крочым праз лугі, палі і лясы, па сцежках, імхах, дарогах… Усё на захад. Туды, дзе нясецца наўскасяк зверху ўніз, з усходу на захад Вялікі Воз.
* * *
Мы выдатна дапасаваліся адзін да другога. У нас дасканалая зброя. Маем шмат грошай і надзею на яшчэ большыя… Навошта яны мне? Хіба я ведаю? Мне грошы ўвогуле не патрэбны. Абыходжуся малым.
Ужо сярэдзіна траўня. Шчур падрыхтоўвае ў мястэчку нашы справы: уважліва і спрытна разнюхвае, ці не пойдзе за мяжу якая-небудзь група паўстанцаў. Грабар цэлымі днямі адсыпаецца на гарышчы нашага пункта ў маці Кручка. А я, з двума парабелумамі ў кішэні, швэндаюся па дарогах і лясах. Часамі заходжу вельмі далёка. He ведаю, што мяне падганяе. He магу гэтага і зразумець… Магчыма, гэта сум? Але па чым сумаваць? У мяне ёсць ежа і гарэлка, адданыя сябры…
Веснавы поўдзень. Сонца прапякае гарачымі промнямі глебу. Лес іграе, шуміць і спявае… Зямля млее і цяжка дыхае!
Працягваю хадзіць па лясах вакол мястэчка. Зрэдку да мяне далучаецца Грабар (але толькі вечарамі, мой сябра не любіць сонца), і тады мы ідзём да бліжэйшых вёсак. У нас там шмат знаёмых хлапцоў і дзяўчат. Прыцягваем іх да сябе гарэлкай і цукеркамі. Грабар не выбірае — задавальняецца абы-чым, толькі каб была баба! А днём з цынізмам насміхаецца над дзяўчатамі, якіх вечарамі і начамі з працавітай трываласцю абмацвае на прызбах і па гумнах. Кажа, напрыклад, так:
— Вясна для мяне пачынаецца далёка за каленямі, а канчаецца каля пупка. Гэта першая катэгорыя! Няма розніцы. А рэшта не ўлічваецца!..
Грабар умее размаўляць з дзяўчатамі і, нягледзячы на тое, што сам брыдкі і цынік, карыстаецца ў іх папулярнасцю. У кожнай навакольнай вёсцы ў яго па некалькі каханак… Я не раз чуў, як ён апавядаў дзяўчатам такія амаральна-вытанчаныя, заслюняўленыя анекдоты, што аж плявацца хочацца, а тыя клянуць яго, дубасяць кулакамі, вушы сабе затыкаюць пальцамі, але слухаюць і лезуць да яго.
Калі ночы не занятыя працай, Грабар на пункце не спіць. Вяртаецца толькі пад раніцу, што-небудзь з’есць і кладзецца спаць аж да вечара, пакуль зноў не выходзіць на інспекцыю па вёсках. Таму я заўсёды ўдзень адзін, ды і спаць доўга не магу. Тады, задумаўшыся, бадзяюся па лясах. Цэлымі гадзінамі ляжу на мяккіх імхах, узіраюся ў глыбокі лазуровы фон неба, па якім прабягаюць лёгкія аблачынкі або доўгія чароды хмар.