Светлый фон

Аднойчы я прабавіў шмат часу ў лесе каля Душкава. У мяне з’явіўся намер абысці вёску Выганічы і вярнуцца на пункт. У гэты момант, стоячы на ўзлеску, заўважыў пару, якая рухалася па дарозе — маладога хлапца і дзяўчыну. Постаць юнака мне некага нагадвала. Я адышоў у лес і схаваўся ў хмызах.

Сярод тых, што набліжаліся, пазнаў Петруся Філосафа, які трымаў пад руку невядомую мне паненку. Ніколі не бачыў яе ў мястэчку. Была сціпла апранутая. З чорнымі валасамі, брывамі і светлым воблікам. Была надта маладая, нават маладзейшая за Петруся. Мне падалося, што недзе бачыў гэты твар. Спачатку хацеў падысці да іх, але калі заўважыў у дзяўчыны падабенства да некага, каго я ведаў раней… спыніўся. Абмінулі мяне. Ціха размаўляючы, пайшлі далей. А я глядзеў услед і ўсё думаў, думаў… Нарэшце прыпомніў Капітанскую Магілу і здань… гэты самы воблік… або вельмі блізкі… Бачыў яго ў гарачцы, паўставаў са змроку, аднак застаўся ў памяці.

Сачу за імі зводдаль. Няма рашучасці падысці. Штосьці мяне ўтрымлівае.

Наблізіліся да Душкаўскага маёнтка і павярнулі назад. Крочу за імі. Пасля забягаю лесам наперад і залажу ў прыдарожныя кусты. Падыходзяць да схованкі. Чую дзявочы голас:

— Няхай спадар напіша ў Варшаву. Магчыма, там знойдуцца якія-небудзь звесткі?

— He, панна Ірэна!.. Усё гэта намарна. Думаю зараз, пры дапамозе газет, звярнуцца да эмігрантаў… Маглі выехаць у Германію альбо Францыю. Павінны мець знаёмых, што ведаюць пра іх лёс…

Працягу размовы не разабраў. З самога ўрыўка зразумеў, што Пятрусь імкнецца адшукаць сваіх блізкіх, і размаўляў пра гэта з дзяўчынай, імя якой — Ірэна. Але хто яна? Адчуваў, што гэтую загадку без дапамогі Петруся мне не разгадаць…

Адыходзілі ўсё далей ад мяне і зніклі за нейкім пагоркам. А я доўга ўзіраўся ўслед.

Крочу па палях у напрамку лесу, дзе знаходзіцца наш пункт. У памяшканні Гэля рыхтуе нам вячэру. Маглі б есці ў пакоі, але на гарышчы адчуваем незалежней — няма ўмоўнасцей. З гэтае нагоды кладу яду ў кош, выходжу з хаты і залажу на гару. Убачыўшы мяне, Грабар зірнуў прыплюшчанымі вачамі і прытварыўся, што спіць.

— Чалавек, калі ты выспішся! — кажу я, здзіўлены.

— Ну, бо што?.. Што трэба рабіць?.. Ноччу да баб на біржу, а днём дрыхну.

— Падымайся есці!

Са смакам ядзім засмажаную са скрылёчкамі ад бачка яечню, гарачыя бліны, тушанае мяса, капусту. Выпіваем пляшку гарэлкі. Пасля закурваем папяросы. Да заходу сонца яшчэ далёка.

— Быў Шчур, — вымавіў Грабар.

— Ну?..

— Прынёс 10 пляшак «гамэры» і 2000 папярос.

— Што казаў?

— Паўстанцы сядзяць ціха. У дарогу не рыпаюцца. А Алінчукі данеслі на цябе ў паліцыю, што абрабаваў іх на дарозе з Ракава да Аляхновіч.