Светлый фон

Шукаю тое месца. Нахіліўшыся ўніз, павольна іду паміж дрэвамі. У левай руцэ ліхтарык, у правай парабелум. У гэты момант заўважаю ля краю абрыву, недалёка ад пня старой сасны, нейкую шэрую пляму. Думаючы, што гэта мая торба, нахіляюся, каб яе ўзяць. Нечакана тая пляма адсоўваецца ад маёй выцягнутай рукі, і я чую крык:

— Кто это? Руки вверх!

Раблю моцны скачок назад і ўніз. Укленчваю і з выцягнутай улева рукі накіроўваю перад сабой сноп электрычных промняў з ліхтарыка. Бачу дзве галавы ў будзёнаўках з чырвонымі зоркамі наперадзе. Дзве карабінавыя рулі, накіраваныя ў тое месца, дзе перад гэтым за хвіліну быў я. Адначасова справа, з берага рова, бліснуў яшчэ адзін ліхтарык і даляцеў голас Шчура:

— Руки вверх.

Я пагасіў свой ліхтарык і саскочыў уніз з абрыву, які ў гэтым месцы быў невысокі, і апынуўся паміж чырвонаармейцамі. Трымаю напагатове парабелум. Шчур свеціць на нас зверху.

— Што за такія, сукіны дзеці? — пытаюся, лаючыся па-расейску.

— Чырвонаармейцы.

— А што вы тут, да д’ябла, робіце?

— Вяртаемся з Краснага. Былі там у засадзе.

— Адкуль будзеце? З граніцы?

— Ну, так.

— А хто вам дазволіў бадзяцца па тылах і рабіць засады?

— Палітрук.

— У вас ёсць чырвонаармейскія кніжкі?

— He.

— А адкуль я, да халеры, магу ведаць, што вы сапраўдныя чырвонаармейцы?

— Вы, таварыш, не сварыцеся. He маеце на гэта права!

— А чаго тут лазіце і палохаеце нам перамытнікаў?

— Мы ішлі па дарозе… вельмі ціха…

Шчур, працягваючы свяціць ліхтарыкам, таксама саскочыў уніз. Пасля загасіў ліхтарык, і нас на нейкі момант, пакуль мы не прызвычаіліся, агарнула цемра.