На мне чорная скураная куртка і шапка з чырвонай зорачкай. Акрамя гэтага, нашу карычневыя штроксы, абшытыя скуранымі лампасамі, і боты з доўгімі халявамі. Гэтаксама апрануты і Грабар. На Шчуру доўгі вайсковы шынель і вайсковая шапка без адзнак.
Ужо першая гадзіна ночы. Мне вельмі хочацца спаць, але перамагаю санлівасць і пільна ўзіраюся ў напрамку моста. У гэты момант ззаду чую нейкія ціхія шолахі. Нахіляюся да зямлі і падрыхтоўваю рэвальвер. Разносіцца ціхі свіст. Двойчы. Адказваю. Збоку, з-за дрэў, паказваецца Шчур. Садзіцца каля мяне і шэпча:
— Напэўна, ужо не пойдуць.
— Напэўна… Далёка па першай…
— Закурым?
— Давай.
Адыходзім у глыб лесу. Здымаю з сябе куртку. Кладуся на зямлю. Накрываю курткай галаву і верхнюю частку тулава. Закурыў папяросу. Хаваю яе ў рукаў і вяртаюся да Шчура. Ён таксама запаліў папяросу.
Доўга сядзім моўчкі і курым. Адначасова ўважліва прыслухоўваемся, што робіцца навакол, і аглядаем перад сабою мясцовасць.
Сядзім на краю адхону. Ногі звесілі ўніз. Пад намі рассцілаецца шэрая паласа дарогі і знікае ў сівым сутонні.
Грабара з намі няма. Ён у засадзе з другога боку рэчкі ў купіне кустоў, недалёка ад моста. Мы ўлічваем тое, што група можа падацца іншай дарогай, бо з левага боку моста таксама знаходзіцца брод. Калі б Грабар заўважыў, што паўстанцы перапраўляюцца там, ён павінен быў паведаміць пра гэта, і мы разлічвалі перапыніць іх у некалькіх кіламетрах ад абранага месца.
Калі сядзелі, асцярожна пакурваючы, на краю адхону, заўважыў, што ўнізе нешта рухаецца. Гэта выглядала так, як бы раптоўна частка дарогі пачала без шуму паўзці ўгару… Паспешліва нахіляюся ўніз. Чую лёгкі звон, нібы ад удара металу аб метал. Зноў такі самы звон. Напэўна, стук зброі… Падымаю з каленяў парабелум і кладуся на крайку рова. Шчур укленчыў побач з рэвальверам, падрыхтаваным да стрэлу. Сплывае некалькі секунд, і мы бачым, як унізе, акурат пад намі, сунуцца два ўзброеныя чырвонаармейцы. Іх сівыя шынялі зліваюцца з шэрым фонам дарогі, і, калі б не рухаліся, нельга было б іх заўважыць нават з такой блізкай адлегласці. Лёгкі бразгат зброі грыміць без перапынку, пры кожным іх кроку. Тупата ўвогуле не чуваць, бо ногі чырвонаармейцаў патанаюць у мяккім пыле, што засцілае дарогу…
Усё глядзім уніз. Губляем іх са зроку. Лёгкі стук зброі сціхае ўдалечыні.
— Пайшлі, — ціха кажу я Шчуру.
Той доўга не адказвае мне, а пасля шэпча:
— He… Стаяць…
— Пайду пагляджу.
Падымаюся і, робячы павольна і ціха вялікае паўкола паміж соснаў, якімі зарос верх рова, выходжу на ўскрай вялікай паляны, пасярэдзіне якой бяжыць дарога да граніцы. He адрозніваю ні процілеглага, парослага лесам краю паляны, ні мастка на дарозе, у той жа час мне здаецца, што я чую ляскат зброі, які аддаляецца. Кладуся на зямлю і гляджу ў напрамку дарогі такім чынам, каб позірк наўскасяк трапляў на цёмны фон неба. Абсяг так значна пашыраецца. Мне здаецца, што адрозніваю постаці людзей, якія адыходзяць па дарозе. Амаль упэўнены ў гэтым. Вяртаюся ў лес і крочу да краю абрыву. Тут у адным месцы, паміж выступаючымі карэннямі сасны, я пакінуў брызентавую торбу, у якой было шэсць пляшак спірту, літр лікёру і больш дзесятка шакаладных плітак.