Светлый фон

— У вас ёсць крыху часу? — запытаўся сябра ў чырвонаармейцаў.

— Ёсць.

— Дык дапамажыце нам… Трэба ціха… Могуць пачуць. Зараз палова другой. Ёсць сэнс яшчэ да трох пасядзець…

Адзін з салдатаў адгукнуўся да мяне:

— Таварыш, на тым баку ў кустах хтосьці сядзіць.

— Адкуль гэта ведаеце?

— Бачылі, як запалілі папяросу. Бліснула запалка.

Зразумеў, што заўважылі там Грабара, і адказаў:

— Гэта наш чалавек… Ведаеш Макарава?

— Чулі…

— Гэта ён.

— А мы думалі — перамытнікі. Чакалі, што выйдуць на поле, але не вылезлі. Таму пайшлі ўперад, бо ў кустах чорт яго ведае хто можа сядзець.

— Добра зрабілі, — вымавіў я, звярнуўшыся да салдат, — калі б нечакана напалі, ён мог бы вас пастраляць.

Шчур забірае сабе аднаго чырвонаармейца, а я другога. Вяртаемся на свае месцы і цікуем далей. Паціху размаўляю з салдатам. Ён з Барысава. Расказаў мне падрабязна пра сябе і службу. Кажа, што на адным прамежку падпольнікі возам перавозяць тавар у Менск. Абяцае дапамагчы нам наладзіць засаду. Пытаецца ў мяне, якой фірмы рэвальвер. Упершыню за сваё жыццё бачыць такую зброю.

Каля трэцяй гадзіны ночы перастаём пільнаваць. Шчур ціха двойчы свіснуў і са сваім кампаньёнам сышоў уніз. Мы таксама збягаем з пагорка і выходзім на дарогу. Пасля дамаўляемся сустрэцца з чырвонаармейцамі ў нядзелю а дзевятай гадзіне вечара, непадалёку ад купіны кустоў, справа ад дарогі, на тым беразе рэчачкі. Развіталіся з салдатамі, якія пакрочылі ў напрамку граніцы. Пасля мы пайшлі шукаць Грабара. Вылез нам насустрач з кустоў.

— Што ў цябе чуваць? — запытаўся ў таго.

— Былі тут масалкі… удвух… Панюхалі, панюхалі і пайшлі… Думаў лупануць па іх з комінаў, але не хацеў шухеру рабіць.

— Заўважылі, як ты курыў, — вымавіў Шчур. — Ты глядзі, так нельга!

Пакручастымі вузкімі сцежкамі мы пайшлі ў глыб лесу. Дарога цягнулася доўга. Некалькі разоў змянілі напрамак… Перамералі велікаватую дрыгву. Нарэшце, калі пачало світаць, затрымаліся ў надзейным, добра схаваным месцы. Тут наладзілі днёўку.

Перш за ўсё з’елі сняданне. Па малой пайцы хлеба і вялікаму кавалку сала, па палове шакаладкі і па некалькі глыткоў спірту на брата.