Светлый фон

Ганюся ўслед. Зноў валю на зямлю. Кажу падняцца. Перамытнік яшчэ раз паспрабаваў выхапіць у мяне рэвальвер, а калі не атрымалася, пачаў уцякаць.

Гэта мяне шакіруе. He магу зразумець, чаму так безразважліва ўцякае, рызыкуючы загінуць. Зноў збіваю яго на зямлю. Тады хапаю ў зубы ліхтарык, а левай рукой, трымаючы за каўнер курткі, падымаю ўгару. Парабелум трымаю ў правай руцэ. Выводжу яго на дарогу, і мы крочым у напрамку моста. Там здалёк бліскаюць ліхтарыкі сяброў. Неспадзявана мой арыштант моцна б’е кулаком мне ў бок і кідаецца з дарогі направа. Мой ліхтарык зваліўся на дарогу. Добра, што не сапсаваўся. Падняўшы яго і адчуваючы яшчэ боль у баку, пагнаўся за машыністам. Мяне ахоплівала ўсё большая злосць.

— Стой! Стой, бо заб’ю! — крычу ў часе бегу.

Ён уцякае далей. Тады, амаль датыкаючыся рукуяткай парабелума яго пляча і не спыняючы пагоню, націскаю курок. Стрэлу не адбылося. Упершыню здарылася са мной такое, бо заўсёды лічыў парабелум дасканалай зброяй. Спяшаюся, хаваю ў кішэню рэвальвер і на бягу выцягваю наган, які гэтым разам узяў з сабой. Гэты ніколі не падводзіць. Крычу:

— Стой! Апошні раз!.. Бо страляю!..

Ён не спыніўся. Я стрэліў, нацэліўшыся ў левую руку вышэй локця. Той грымнуўся на глебу, як толькі прагучаў стрэл, і пачаў лямантаваць дзікім голасам:

— О-го-го-го-го!

Мне здалося, што гэта больш падобна на выбух радасці або покліч, чым на крыкі роспачы. А ён дзёрся далей. Крычаў страшэнным голасам, які падхапіла рэха і разнесла далёка па лясах.

— О-го-го-го-го!..

Я адчуваю, што бялею. З’яўляецца жаданне стрэліць яму ў лоб, каб спыніць гэты жахлівы крык. Чаму ён так лямантуе? He ад болю ж! З асабістага вопыту ведаю, што болю адразу не чуваць. I рана неглыбокая. А можа, ад роспачы, што не можа ўцячы?

— Падымайся, — крычу на яго.

He зварухнуўся з месца, яшчэ мацней лямантуючы:

— О-го-го-го-го!..

Між дрэў бліснуў ліхтарык. Нехта падыходзіў да нас. Гэта Грабар. Нахіляецца над параненым.

— Што з ім? — пытаецца ў мяне.

— He хацеў стаяць! Некалькі разоў спрабаваў уцякаць! Стукнуў мяне. Хапаўся за рэвальвер… Прастрэліў яму руку.

— А чаму адразу пілюлю яму не ўсунуў? Гульню знайшоў! Ён бы з табой не цацкаўся!

Грабар звярнуўся да параненага:

— Ну, падымайся! Умомант. Бо ўрэжу ў лоб і труп абшукаю!

Машыніст падняўся і, нахіліўшыся ўлева, пайшоў да дарогі.