Светлый фон

Шчур і Грабар паабяцалі мне вярнуцца найпазней праз тыдзень. Прададуць скуркі і прынясуць тытуню і спірту. Адыходзячы, хлопцы пакінулі мне трохі сала, няпоўную пляшку спірту і некалькі плітак шакаладу. Я павінен абысціся гэтым да іх звароту.

Неўзабаве пасля адыходу сяброў пачалася залева. Ліло без перапынку дзень і ноч. Я наскрозь прамок. Раніцай пачаў будаваць сабе будан, але той быў слабы, цесны і працякаў. Тады я надраў шмат кары з дрэў і пачаў рабіць страху. Працаваў доўга, абдумваннем кожнай драбязы і работай забіваў самоту. Нарэшце закончыў страху, замацаваў яе на чатырох жэрдках, над вогнішчам, якое бесперапынку заліваў дождж. Пасля, схаваўшыся ад дажджу зверху, пачаў будаваць тры бакавыя сцяны, каб касы дождж не забіваў і пад страху.

Дровы для вогнішча былі мокрыя і дыміліся. Гэта стамляла мяне і было небяспечна, бо дым здалёк выдаваў маю прысутнасць. У кіламетры ад схованкі заўважыў складзеныя штабялямі сухія бярозавыя дровы. Зняўшы верхнюю частку, пачаў іх насіць да сябе. Складаў пад страхой так, каб не замоклі. Зараз меў шмат дроў і быў добра схаваны ад непагадзі.

Кот увесь час круціўся ля мяне. Як толькі дождж пераставаў ліць, кот знікаў недзе ў лесе. Вяртаўся мокры, цёрся аб мяне, грэўся пры вогнішчы і спяваў сваю аднастайную песню. Мне рабілася весялей, калі адчуваў прысутнасць ката. Я размаўляў з ім, дзяліўся рэшткамі яды, а ён прымаў усё гэта як належную ўвагу. Аднак нягледзячы на яго прэтэнзійную паставу, мой сябар з адсечаным хвастом і падзёртымі вушамі выглядаў бяздомным абарванцам, валацугам, а не сур’ёзным хатнім пагромшчыкам мышэй.

Вечарам я ішоў у лес. Нацягваў ніткі на добра знаёмых мне лясных сцежках. Загароджваў пераходы злёгку ўмацаванымі галінкамі. На берагах рэчкі і ручаёў, дзе я знаходзіў сляды, заціраў старыя, каб пасля новага пераходу групы заставаліся свежыя. Затым вяртаўся ў сваю схованку. Неаднойчы з вялікай цяжкасцю адшукваў яе ў начной цемры. Падкідваў дроў у глыбока выкапаную ў зямлі ямку для вогнішча. Засланяў уваход будана і расстаўляў навокал розныя перашкоды такім чынам, каб людзі, якія надумаюць падкрасціся, нарабілі галасу. Пасля пёк бульбу. Еў яе з салам. Выпіваў крыху спірту і, не падкідваючы ў полымя, каб не было водбліскаў, клаўся спаць на смаляных, абагрэтых пры вогнішчы яловых лапках.

Дождж барабаніць па страсе і цуркамі сцякае па яе краёх. Жар ад вогнішча напаўняе цяплом маю цесную схованку. Кот прыціскаецца да мяне і мурчыць песню. Зброю трымаю падрыхтаванай, хоць і адчуваю тут сябе ў поўнай бяспецы… Хто сюды дойдзе ў змроку?.. Ноч — матка няшчасных людзей, якія вымушаны хавацца ад астатніх — ахінула мяне сваім покрывам.