Раніцай іду вывучаць пакінутыя ноччу на сцежках і таемных пераходах сляды. З гэтага раблю розныя высновы і дакладна занатоўваю іх у памяці.
Хутка па адыходзе сяброў заўважыў, што група Павука таксама вярнулася дахаты. Ад гэтага часу яны за граніцу не хадзілі. Магчыма, ім перашкодзіла залева. Прагледзець іх пераход я не мог. Калі б нават не ўсачыў за пераходам да Саветаў, дык павінен быў бы заўважыць іх зварот. Бо нішто не выпала з маёй увагі. Ведаю, колькі дробных груп перайшло да Саветаў і колькі вярнулася. Мяркую так па слядах і шматлікіх акалічнасцях, якія, разам узятыя, ствараюць дакладны малюнак начнога жыцця пагранічча.
Заканчваецца шосты дзень майго побыту ў Краснасельскім лесе. Спірту няма ўвогуле. Шакалад таксама скончыўся. Засталося ў мяне крыху сала. Ашчаджаю яго і таму ўвесь час галодны. Печаная бульба без солі мне ўжо абрыдла. Група Павука дагэтуль не пайшла за граніцу, і нішто не прымушае мяне сачыць за імі далей. Лягчэй можна даведацца пра яе ў мястэчку. Разважыўшы, вырашыў сёння ўначы ісці за граніцу.
Адзін дзень і ноч дажджу ўвогуле не было, а зараз пачалі збірацца чорныя хмары. Яны шчыльна засцілаюць неба, і робіцца цёмна. Рыхтуецца вялікая залева. Кот непакоіцца. Усё круціцца, хоча некуды бегчы, мяўкае. Супакойваю яго.
Надыходзіць вечар. У лесе зусім сцямнела. Запанавала цішыня. Усё замерла, і здаецца, што толькі хмары з глухім лапатаннем нясуцца па небе. Закідваю ў полымя ўсе дровы і раскладаю вялікае вогнішча. Грэюся і пяку бульбу. Выгортваю яе набок. Выймаю з сумкі апошні кавалак сала. Даю трэцюю частку кату, а сваю долю з’ядаю з гарачай бульбай.
Усё больш цямнее. Падымаюся. На развітанне лашчу ката, а пасля выходжу са схованкі. Кот мяўкае ззаду. Магчыма, адчувае, што назаўсёды пакідаю яго.
Прастую нацянькі лесам у кірунку дарогі, якая вядзе да Затычына. Здалёк разносяцца глухія, цяжкія подыхі грымотаў. Набліжаюцца ўсё бліжэй да граніцы. Вецер зрываецца і нясецца ўгары па верхавінах дрэў, напаўняючы лес галасістым шумам.
Змяркаецца. Ледзь адшукваю дарогу між дрэвамі. Неспадзявана, як лань вылятае на луг, так на лес ападае доўгая зялёная бліскавіца. Нізка, нібы з-пад зямлі, гучыць гром і цяжкімі хвалямі плыве ў змрок… Другая бліскавіца, жоўтая — калыхае паветра… Трэцяя — чырвоная, выбухае як ракета… Чацвёртая — жоўтая, далёка прабівае змрок… Пятая — белая, зрывае ноч з зямлі, і нейкі пэўны момант я выразна бачу кожны камель, кожную галінку, кожны лісток… А пасля маланкі ляцяць бесперапынку. Пераплятаюцца. Абганяюць адна другую. Імчацца ўслед і раскідаюць паміж дрэвамі струмені святла…