Светлый фон

Швейк падняў курыцу з падлогі і працягваў, выпрастаўшыся і гледзячы проста ў вочы надпаручніку Лукашу:

– …заўсёды і ва ўсякі час змагацца храбра і мужна; сваё войска, свае палкі, сцягі і гарматы ніколі не пакідаць, з непрыяцелем ніколі ні ў якія пагадненні не ўступаць, заўсёды паводзіць сябе так, як таго патрабуюць ваенныя законы і як належыць сябе паводзіць доблеснаму салдату. Гэткім чынам я буду сумленна жыць, з гонарам і памру, і няхай мне ў гэтым дапаможа бог. Амін. А гэтую курыцу, асмелюся далажыць, я не ўкраў, не сцягнуў і паводзіў сябе, памятаючы аб прысязе, зусім слушна..

– Ды кінеш ты гэтую курыцу ці не, жывёліна? – закрычаў на яго надпаручнік Лукаш, выцяўшы пратаколам па руцэ, у якой той трымаў нябожчыцу. – Ты толькі зірні ў гэты пратакол. Бачыш, тут чорным па белым: «адпраўляецца пехацінец Швейк Ёзаф… ардынарац той жа маршавай роты… па абвінавачанні ў абрабаванні…» А цяпер, марадзёр, шакал, скажы мне… Не, я цябе ўсё-такі калі-небудзь заб’ю! Разумееш? Ну, адказвай, дурыла, злодзей, як ты мог так апусціцца?

– Асмелюся далажыць, – ветліва адказаў Швейк, – тут не было нічога іншага, апрача непаразумення. Калі я атрымаў ваш загад дастаць або купіць чаго-небудзь добрага паесці, я пачаў думаць, што значыць гэта «добрага»? За вакзалам не было нічога, апрача конскай каўбасы ды нейкай сушанай асляціны. Я, асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, усё старанна разважыў. На баявых пазіцыях трэба мець што-небудзь вельмі пажыўнае, тады лягчэй пераносяцца ваенныя нягоды. Задумаў я, пан обер-лейтэнант, згатаваць вам курыны суп.

– Курыны суп! – паўтарыў за ім надпаручнік, хапаючыся за галаву.

– Так точна, пан обер-лейтэнант, курыны суп. Я купіў цыбулі і пяцьдзесят грамаў вермішэлі. Тут, калі ласка, усё ёсць – у гэтай кішэні цыбуля, а ў гэтай – вермішэль. Соль і перац можна ўзяць у канцылярыі. Заставалася толькі купіць курыцу. Пайшоў я, значыцца, за вакзал у Ішатарчу. Гэта, уласна кажучы, вёска, да звання горада не дарасла, хаця на першай вуліцы напісана: «Горад Ішатарча». Прайшоў я адну вуліцу з агародчыкамі, другую, трэцюю, чацвёртую, пятую, шостую, сёмую, восьмую, дзевятую, дзесятую, адзінаццатую, аж пакуль не дайшоў да трынаццатай вуліцы, дзе за апошняй хатай пачыналася ўжо лугавіна, на якой пасвілася чарада курэй. Я падышоў да іх і выбраў самую вялікую і самую цяжкую. Майце ласку паглядзець на яе, пан обер-лейтэнант, адно сала, і аглядваць не трэба, адразу, на першы погляд відаць, што ёй сыпалі зерня колькі ўлезе. Бяру я яе зусім адкрыта, на вачах ва ўсіх, як гаворыцца – у прысутнасці насельніцтва, яны мне штосьці крычаць па-венгерску, а я трымаю яе за ногі і пытаюся па-чэшску і па-нямецку, каму належыць гэтая курыца, каб я мог яе купіць. I раптам з гэтага крайняга дамка выбягаюць мужык з жонкай. Мужык пачынае мяне лаяць спачатку па-венгерску, а потым па-нямецку, што я нібыта сярод белага дня ўкраў у яго курыцу. Я сказаў, каб ён на мяне не крычаў, што мяне паслалі купіць курыцу, ну, растлумачыў ім, што і як. А курыца, якую я трымаў за ногі, раптам пачала махаць крыламі, а трымаў я яе не моцна, яна адкінула ўгару маю руку і хацела сесці на нос свайму гаспадару. Той адразу пачаў крычаць, што я загрэў яго курыцай па мордзе. А жанчына нешта вішчала і падзывала: «ціп-ціп-ціп!»