I тут нейкія дурні, якія нічога ў гэтым не разумелі, прывялі патруль ганведаў, і я сам прапанаваў ім пайсці на вакзал у каменданцкую ўправу, каб там мая невінаватасць усплыла, як алей на паверхню вады. Але з панам лейтэнантам, які там дзяжурыў, нельга было дамовіцца, нават калі я яго папрасіў запытаць у вас, ці праўда, што вы мяне паслалі купіць чаго-небудзь добрага паесці. Ён яшчэ раскрычаўся на мяне, загадаў трымаць язык за зубамі, бо і без маіх слоў відацьі што мяне чакаюць моцны сук і добрая вяроўка. Ён, мабыць, быў у надта кепскім настроі, калі мне заявіў, што такім растаўсцелым можа быць толькі салдат, які крадзе і рабуе. На станцыю, кажа, прыходзіць шмат скаргаў, пазаўчора дзесьці непадалёк прапаў індык. А калі я яму нагадаў, што пазаўчора мы яшчэ былі ў Рабе, ён адказаў, што такія выверты на яго не дзейнічаюць. Ну, і паслалі мяне да вас…
– Швейк, – сказаў праз хвіліну надпаручнік Лукаш, – з вамі было столькі ўсялякіх прыгод і нягод, столькі, як вы кажаце, памылак і непаразуменняў, што ад усіх гэтых непрыемнасцей вам можа дапамагчы толькі вяроўка вакол шыі, з усімі ваеннымі ўшанаваннямі, у карэ. Разумееце?
– Так точна, пан обер-лейтэнант, карэ з так званага замкнутага батальёна, складаецца з чатырох, а ў парадку выключэння таксама з трох альбо пяці рот. Загадаеце, пан обер-лейтэнант, пакласці ў курыны суп паболей вермішэлі, каб ён быў гусцейшы? " – Швейк, загадваю вам тут жа знікнуць з вашай курыцай, бо я зараз распляскаю яе аб вашу галаву, дурыла няшчасны!..
– Слухаюся, пан обер-лейтэнант, але толькі асмелюся далажыць, я не знайшоў ні сельдэрэю, ні морквы! Я пакладу бульбы…
Швейк не паспеў дагаварыць гэтай «бульбы», як вылецеў разам з курыцай са штабнога вагона. Надпаручнік Лукаш залпам выпіў кілішак каньяку.
Перад вокнамі штабнога вагона Швейк узяў пад казырок і пайшоў да сябе.
Калі Швейк з курыцай з’явіўся ў вагоне, гэта, натуральна, выклікала хваляванне сярод усіх прысутных. Усе паглядзелі на яго з нямым пытаннем: «Дзе гэта ты ўкраў?»
– Купіў для пана обер-лейтэнанта, – паведаміў Швейк, выцягваючы з кішэняў цыбулю і вермішэль. – Хацеў яму згатаваць поліўку, але ён не захацеў, дык падараваў курыцу мне.
– Дохлая была? – спытаў падазрона старшы пісар Ванак.
– Я сам скручваў ёй галаву, – адказаў Швейк, выцягваючы з кішэні нож.
Балоўн удзячна і з павагай паглядзеў на Швейка і моўчкі пачаў рыхтаваць спіртоўку надпаручніка. Потым узяў кацялкі і пабег па ваду.
Да Швейка падышоў тэлеграфіст Хадоўнскі і прапанаваў дапамагчы аскубці курыцу, шапнуўшы яму на вуха інтымнае пытанне: «Далёка адсюль? Трэба пералазіць на двор ці проста на вуліцы?»