Светлый фон

– Хіба ж дазваляецца страляць па вагонах Чырвонага Крыжа?

– Не дазваляецца, але дапускаецца, – адказаў Швейк. – Пападанне было як мае быць, ну, а потым кожны можа адгаварыцца, што справа была ўначы, чырвонага крыжа не было відаць. Шмат чаго ёсць на свеце, што не дазваляецца, але дапускаецца. Галоўнае, што кожны хоча паспрабаваць зрабіць тое, чаго рабіць нельга. У час імператарскіх манеўраў пад Пісекам прыйшоў загад, што ў паходзе забараняецца звязваць салдат «казлом». Але наш капітан дадумаўся, як можна гэта зрабіць, не парушаючы загаду. Ён толькі пасмяяўся з загаду, бо зразумела ж, што звязаны казлом салдат маршыраваць не зможа. Дык ён, па сутнасці, гэты загад не абходзіў, а проста звязаных салдат кідаў на падводы і працягваў марш.

– Дарагія сябры, – усклікнуў вальнапісаны, які старанна рабіў свае нататкі, – няма нічога ліхога, каб на добрае не выйшла! Гэты падарваны, напаўспалены і скінуты з насыпу поезд Чырвонага Крыжа ўзбагаціць У будучым слаўную гісторыю нашага батальёна новым геройскім подзвігам. Я ўяўляю сабе, што прыкладна каля шаснаццатага верасня, як я ўжо намеціў, ад кожнай роты нашага батальёна некалькі простых салдат пад камандай капрала надахвоцяцца ўзарваць варожы браняпоезд, які абстрэльвае нас і перашкаджае пераправе цераз раку. Пераапрануўшыся сялянамі, яны з гонарам выканаюць сваё заданне.

– Што я бачу! – прытворна здзівіўся вальнапісаны, зазірнуўшы ў свае нататкі. – Як тут да мяне трапіў наш пан Ванак?

– Паслухайце, пан старшы пісар, – звярнуўся ён да Ванака, – які цудоўны раздзельчык будзе прысвечаны вам у гісторыі батальёна! Прыгадваю, што вы недзе раней ужо ўпаміналіся, але гэта будзе значна лепей і выразней.

Вальнапісаны прачытаў патэтычным тонам:

– «Гераічная смерць старшага пісара Ванака. На адважны подзвіг – падрыў варожага браняпоезда – падрадзіўся сярод іншых і старшы пісар Ванак. Для гэтага ён, як і ўсе іншыя, пераапрануўся ў сялянскую вопратку. Выбухам ён быў аглушаны, а калі апамятаўся, ён убачыў, што акружаны ворагамі, якія не марудзячы даставілі яго ў штаб сваёй дывізіі, дзе ён, гледзячы ў твар смерці, адмовіўся даць якія-небудзь звесткі аб размяшчэнні і сілах нашага войска. З той прычыны, што ён быў пераапрануты, яго прыгаварылі, як шпіёна, да павешання, але, прымаючы пад увагу яго высокі чын, гэтую кару замянілі на расстрэл.

Прыгавор быў адразу ж прыведзены ў выкананне каля сцяны могілак. Доблесны старшы пісар Ванак папрасіў, каб яму не завязвалі вачэй. На пытанне, ці мае ён нейкае апошняе жаданне, ён адказаў: «Перадайце праз парламенцёра майму батальёну маё апошняе прывітанне. Перадайце, што я паміраю з перакананнем, што наш батальён працягне свой пераможны шлях. Перадайце яшчэ пану капітану Сагнеру, што паводле апошняга загаду па брыгадзе штодзённая порцыя кансерваў павялічваецца на дзве з паловай банкі.